Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падачу заявак на конкурс «Засьпявай 4×4» падоўжылі да 17 траўня


Музычны партал TuzinFM.by і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі» ладзяць чацьвёрты конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай». Тэрмін падачы заявак на сёлетні конкурс «Засьпявай 4×4» падоўжылі да 17 траўня (раней меркавалася прымаць да 1 траўня), «каб усе ахвочыя пасьпелі аформіць заявы».

Конкурс ладзіцца для музыкаў 18-30 гадоў (перавага аддаецца тым, хто ня меў выдадзеных альбомаў і сольных канцэртаў), якім прапануецца выбраць верш сучаснага беларускага паэта (або свой уласны верш), напісаны цягам апошніх трох дзясяткаў гадоў і пакласьці яго на ўласную музыку (якасьць запісу не прынцыповая). Заявы прымаюцца на пошту konkurs.zaspiavaj@gmail.com з пазнакаю «Заява на конкурс-2017». Дэталі пра запаўненьне заявы тут.

Журы конкурсу (музыкі Сяргей Доўгушаў, Зьміцер Літвіновіч і Алег Хаменка, саўндпрадусар Андрэй Акатаў, арганізатар конкурсу Сяргей Будкін і кіраўнік фонду «Вяртаньне» Павал Бераговіч) выберуць 4 фіналістаў, з кожным зь якіх будзе працаваць свой мэнтар: ім правядуць кароткія навучальныя сэсіі з майстар-клясамі і практычнымі заняткамі, дапамогуць дапрацаваць конкурсную песьню і запісаць яе ў студыі. Фінал конкурсу пройдзе ўвосень, выніковы канцэрт заплянаваны на 1 лістапада.

Пераможца конкурсу атрымае прыз у 1000 рублёў, а на песьню пераможцы здыме кліп рэжысэр Арцём Лобач.

У папярэдніх конкурсах «Засьпявай» перамагалі ў розных намінацыях Leibonik, Navi, Pauline ды іншыя.

XS
SM
MD
LG