Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Македоніі адбыліся сутыкненьні ў парлямэнце, паранены лідэр апазыцыі


У Македоніі сама меней дзевяць чалавек, у тым ліку лідэр македонскай апазыцыі Зоран Заеў, пацярпелі ў выніку сутыкненьняў, якія адбыліся ў чацьвер увечары ў парлямэнце краіны. Беспарадкі адбыліся пасьля таго, як сьпікерам парлямэнту быў абраны прадстаўнік адной зь мясцовых альбанскіх партый Талат Джафэры.

За абраньне Джафэры прагаласаваў 61 са 120 дэпутатаў. Як паведамляюць журналісты, якія працуюць на месцы, пасьля апублікаваньня вынікаў галасаваньня ў парлямэнт уварваліся дэманстранты і пабілі лідэра Сацыял-дэмакратычнага зьвязу Зорана Заева і яшчэ некалькіх дэпутатаў. У сытуацыю ўмяшалася паліцыя, якая эвакуявала некалькі дзясяткаў парлямэнтарыяў і журналістаў. Паведамляецца, што большасьць пацярпелых шпіталізаваныя з траўмамі галавы.

Прэзыдэнт Македоніі Гёрге Іванаў заклікаў усе палітычныя сілы да дыялёгу і паважаньня прававой сыстэмы Македоніі. «Я заклікаю сабрацца лідэраў парлямэнцкіх партый і разгледзець усе варыянты ўрэгуляваньня і знайсьці выйсьце з гэтай сытуацыі», — сказаў Іванаў у чацьвер вечарам.

Асноўныя палітычныя сілы ў краіне — кіроўная партыя ВМРО-ДПМНЕ (Унутраная македонская рэвалюцыйная арганізацыя — Дэмакратычная партыя за македонскае нацыянальнае адзінства) экс-прэм’ера Ніколы Груеўскага і апазыцыйны Сацыял-дэмакратычны зьвяз, які ўзначальвае мэр горада Струміца Зоран Заеў. Пазачарговыя парлямэнцкія выбары, якія прайшлі ў Македоніі 11 сьнежня ва ўмовах палітычнага крызісу, які зацягнуўся, не змаглі вызначыць пераможцу. Абедзьве гэтыя партыі прэтэндуюць на фармаваньне ўраду.

Зоран Заеў, пацярпелы падчас сутыкненьняў
Зоран Заеў, пацярпелы падчас сутыкненьняў

Заеў запытаў у прэзыдэнта Іванова мандат на фармаваньне новага кабінэту, аднак той адмовіў, лічачы, што плятформа СДЗМ паставіла б пад пагрозу ўнітарны характар краіны ў інтарэсах альбанскай меншасьці (каля чвэрці насельніцтва Македоніі). У краіне ўжо працяглы час праходзяць масавыя дэманстрацыі.

Тое, што адбылося ў македонскім парлямэнце, асудзілі кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыка Магерыні і аўстрыйскае старшынства ў АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG