Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэзалюцыя «Чарнобыльскага шляху» перададзена ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Савет міністраў


У Адміністрацыю прэзыдэнта і Савет міністраў 27 красавіка перададзена рэзалюцыя аргкамітэту традыцыйнай акцыі «Чарнобыльскі шлях», якая прайшла 26 красавіка ў Менску.

Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Як паведаміў сустаршыня аргкамітэту «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павел Севярынец, плянавалася зачытаць тэкст рэзалюцыі для яе ўхваленьня на акцыі 26 красавіка, аднак гэта не атрымалася зрабіць праз памылкі ва ўзгадненьні дзеяньняў членаў розных структур.

Пададзеная ў дзяржаўныя органы рэзалюцыя ў выніку была падпісаная самім Севярынцам і адным з заяўнікаў акцыі, намесьнікам старшыні Партыі БНФ Ігарам Ляльковым.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца патрабаваньне да ўладаў «неадкладна спыніць» будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, а таксама правесьці кансультацыі аб мэтазгоднасьці ўвядзеньня мараторыю на будаўніцтва АЭС у Беларусі і абмеркаваць з грамадзтвам стратэгію «ўстойлівага бязьядзернага разьвіцьця Беларусі».

Аргкамітэт таксама запатрабаваў спыніць асваеньне чарнобыльскіх зямель і прамысловую вытворчасьць прадуктаў харчаваньня на іх, вярнуць праграмы сацыяльнай абароны ліквідатарам аварыі на ЧАЭС і ўсім, хто пацярпеў у выніку катастрофы.

Аўтары рэзалюцыі таксама патрабуюць ад уладаў «спыніць сацыяльнае і палітычнае напружаньне ў краіне», адмяніўшы дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», і стварыць «пляцоўку для раўнапраўнага дыялёгу з грамадзтвам».

У «Чарнобыльскім шляху» 26 красавіка ў Менску ўзялі ўдзел прыкладна 600 чалавек. Яны прайшлі ад кінатэатру «Кастрычнік» да Чарнобыльскай капліцы ў раёне плошчы Бангалор.

У аргкамітэт акцыі сёлета ўвайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ і яе маладзёжнай структуры «Моладзь БНФ», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі «Зялёныя», аргкамітэта па стварэньні партыі «БХД», кампаніі «Гавары праўду», а таксама рухаў «За Свабоду» і «Разам».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG