Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы ў прысутнасьці прадстаўніка ўлады разабралі помнік воінам УПА


Апаганены помнік воінам УПА ў сяле Грушовічы Падкарпацкага ваяводзтва, архіўнае фота з сайту Prostir.pl, 2014 год. Цяпер гэты манумэнт разабраны

У сяле Грушовічы ў Падкарпацкім ваяводзтве Польшчы 26 красавіка разабралі помнік ваярам Украінскай паўстанцкай арміі, пабудаваны на мясцовых могілках 23 гады таму.

Сяло Грушовічы знаходзіцца побач з горадам Пшэмысьль, дзе ёсьць вялікая ўкраінская грамада. Як паведамляе мясцовы сайт Portalprzemyski.pl, манумэнт, пастаўлены мясцовымі ўкраінцамі, дэмантавалі дзеячы польскіх нацыяналістычных арганізацыяў.

Падчас працэсу разбурэньня помніка на могілках прысутнічаў стараста грамады, на тэрыторыі якой разьмешчаныя Грушовіцкія могілкі. Помнік разбурылі з дазволу мясцовых уладаў як «нелегальна ўстаноўлены». Маладыя людзі ў чорных футболках з намаляванай на іх «антыбандэраўскай» сымболікай зьнялі з манумэнта мэталічны трызубец, а сам помнік разабралі на фрагмэнты. Дзеячы нацыяналістычных арганізацыяў абяцаюць прадоўжыць дэмантаж «нелегальных абʼектаў, прысьвечаных УПА».

Пратэст з нагоды дэмантажу помніку на могілках у Грушовічах выказала Абʼяднаньне ўкраінцаў Польшчы. У сваёй заяве арганізацыя назвала падзеі ў сяле Грушовічы «чарговай антыўкраінскай правакацыяй». Абʼяднаньне ўкраінцаў Польшчы адзначае, што дэмантаж украінскага манумэнта ажыцьцёўлены за два дні да 70-годзьдзя апэрацыі «Вісла» (высяленьне няпольскага насельніцтва з паўднёвага ўсходу Польшчы на поўнач і захад). Цэнтральныя мерапрыемствы, прысьвечаныя гэтай сумнай для ўкраінцаў даце, праходзіць у Пшэмысьлі з 28 красавіка па 1 траўня. Абʼяднаньне ўкраінцаў Польшчы заклікала польскі ўрад да рашучай рэакцыі на антыўкраінскую правакацыю і да процідзеяньня зьнявазе нацыянальнай годнасьці ўкраінцаў.

На працягу некалькіх апошніх гадоў помнік ваярам УПА ў Грушовічах неаднаразова пашкоджвалі і апаганьвалі — аблівалі фарбай, расьпісвалі вульгарнымі і антыўкраінскімі надпісамі. Інфармацыя пра гэтыя акты вандалізму імгненна зьяўлялася на інтэрнэт-сайтах прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе.

XS
SM
MD
LG