Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Віцебску прыраўнаў сацсетку «Аднаклясьнікі» да СМІ, а блогерку — да журналістаў


Юлія Гранкова

Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова пакінула бязь зьменаў пастанову аршанскага суду, які аштрафаваў блогерку Юлію Гранкову за анлайн-трансьляцыю ў «Аднаклясьніках». Вэрдыкт — «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродку масавай інфармацыі» (ч. 2 арт. 22.9 КаАП).

Таксама бязь зьменаў засталася пастанова суду Воршы і Аршанскага раёну наконт штрафу за «непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі» (паводле арт. 23.4 КаАП).

Юлія Гранкова падчас разбору пацьвердзіла, што ўсе свае погляды выклала ў касацыйнай скарзе. Там гаворыцца, што з пастановай яна катэгарычна ня згодная, бо «Аднаклясьнікі» — гэта сацыяльная сетка, а ня СМІ, а сама яна ніколі не называла і не лічыла сябе журналісткай. Што да «непадпарадкаваньня», то, паводле Гранковай, такога не было ўвогуле: на загад міліцыянтаў яна села ў машыну, паехала ў пастарунак для складаньня пратаколу, аднак прасіла прадʼявіць ёй дакумэнты пра тое, што КУП «Аршанская спэцаўтабаза» ёсьць падахоўным абʼектам.

Інцыдэнт, паводле якога вёўся разбор, здарыўся яшчэ ў сакавіку. Валянтэры праекту «Хрюши против» прыйшлі на спэцаўтабазу, дзе ўтрымліваюцца бадзяжныя жывёлы, каб іх пакарміць. Убачыўшы, што ўмовы ўтрыманьня неналежныя, Юлія Гранкова зрабіла стрым у «Аднаклясьнікі», дзе зарэгістравана пад псэўданімам «Юлія Малышава».

Калі яна распачала наўпроставую трансьляцыю, работнікі спэцаўтабазы выклікалі міліцыю, абвінаваціўшы валянтэраў у незаконным пранікненьні на падахоўны абʼект. За гэта на блогерку быў складзены пратакол (паводле артыкулу 23.14 КоАП). Юлія Гранкова мяркуе, што валянтэраў пакаралі менавіта за тое, што яны паказалі кепскае становішча жывёлаў:

«Нашы валянтэры хадзілі туды неаднаразова, ніякіх праблемаў не было. І гэтым разам мы паказалі вартаўніку пакеты зь ежай, ён правёў нас да вальераў. Ніхто ніколі не рабіў заўваг, што мы парушаем рэжым абʼекта. Аднак калі мы ўбачылі гэты жах і я пачала здымаць, зьявіўся начальнік аховы, які выклікаў міліцыю».

Судзьдзю Сьвятлану Іванову такія тлумачэньні не пераканалі. Пастанову аршанскага суду і вырак на правапарушэньне яна пакінула бязь зьменаў.

Такім чынам, Юлія Гранкова мусіць сплаціць тры штрафы агульным памерам 46 базавых велічынь — 1058 рублёў. Судзьдзя не ўлічыла, што блогерка знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, выхоўвае дваіх дзяцей і ня мае іншых прыбыткаў.

Юлія Гранкова каля абласнога суду
Юлія Гранкова каля абласнога суду

19 красавіка гэтаксама бязь зьменаў абласны суд пакінуў у сіле і пастановы Аршанскага суду у дачыненьні да іншых валянтэраў праекту «Хрюши против» — удзельнікаў падзеяў на спэцаўтабазе.

Гэты праект, запачаткаваны ў Расеі, мае шмат прыхільнікаў і ў Беларусі: удзельнікі ініцыятывы выкрываюць наяўнасьць пратэрмінаваных харчоў у крамах і хібы ў сыстэме грамадзкага харчаваньня. Аднак аршанскіх валянтэраў хвалююць і грамадзка-палітычныя тэмы.

Жыхарка Воршы стала першай у Беларусі блогеркай, аштрафаванай за стрым у сацыяльныя сеткі.

XS
SM
MD
LG