Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сучаснай дыеталёгіі ёсьць такое вызначэньне як папулярная ці камэрцыйная дыета. Такіх дыет існуе вялікая колькасьць, яны актыўна рэклямуюцца ў сродках масавай інфармацыі, нярэдка патрабуюць дапаўненьня дарагімі біялягічна актыўнымі дабаўкамі. Большасьць такіх дыет ня мае навуковага абгрунтаваньня і, у лепшым выпадку, не нясе адмоўнага эфэкту на стан здароўя.

Але некаторыя папулярныя дыеты могуць быць карыснымі. Да такіх адносіцца Брыстальская дыета, якая была прапанаваная спэцыялістамі Bristol Cancer Help Center (Брыстальскі Цэнтр Дапамогі Анкалягічным Хворым) і першапачаткова была адрасавана тым пацыентам, якія атрымлівалі рэабілітацыю пасьля хіміятэрапэўтычнага лячэньня. Асаблівасьць гэтай дыеты ў тым, што яна складаецца зь вялікай колькасьці зялёных прадуктаў, якія здольны мець супрацьрадыкалавы эфэкт, гэта значыць нэўтралізоўваць так званыя свободныя радыкалы. Гэта хімічна актыўныя малекулы, якія атакуюць клеткі аргнізму і псуюць іх, што прыводзіць да шэрагу хвароб, уключаючы анкалягічныя. Да таго ж ужываньне вялікай колькасьці зялёных прадуктаў зь нізкім глікемічным індэксам садзейнічае пахудзеньню.

Але бадай што самая галоўная станоўчая рыса Брыстальскай дыеты для беларускага спажыўца заключаецца ў тым, што яе кампанэнты з посьпехам растуць на нашых з вамі беларускіх гародах і прысядзібных участках. Што гэта за прадукты? Да іх адносяцца прадукты блакітнага і чырвонага колераў, якія ўтрымліваюць вялікую колькасьць антацыянідаў, якія маюць вялікую супрацьрадыкалавую актыўнасьць — буракі, вішня, ажыны; крыжакветная гародніна, якая станоўча ўплывае на пячонку, садзейнічае вывядзеньню з арганізму непатрэбных рэчываў — гэта капуста і радыска. Элагікавая кіслата, якая абараняе мэмбраны клетак аб пашкоджаньня, у вялікай колькасьці ўтрымліваецца ў клубніцах, суніцах і чарніцах.

Калі заўзятыя аматары вырошчваюць на сваіх прысядзібных участках капусту брокалі, то няхай яны ведаюць, што яна прадухіляе N-нітраіндуцыраваны рак за кошт моцнага дэзынтаксыкацыйнага эфэкту. Ну а калі вы пасьля працы па вырошчваньні гэтай садавіны і гародніны вып’еце кубачак зялёнай гарбаты, то гэта дапоўніць Брыстальскую дыету за кошт умацаваньня імунітэту.

Так што калі гэтым летам вы зьбіраецеся рабіць нешта новае на сваім гародзе — успомніце пра карысьць Брыстальскай дыеты для барацьбы супраць раку і для здаровага пахудзеньня і аддайце перавагу азначаным прадуктам!

XS
SM
MD
LG