Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усякую ўладу трэба пэрыядычна мяняць, — кіраўнік групы сувязяў зь Беларусьсю ў парлямэнце Эстоніі


Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў
Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў

«У дэмакратычных краінах час ад часу ўлада, якая б добрая яна ні была, усё роўна зьмяняецца», — заявіў сёньня ў Менску на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў кіраўнік групы дружбы з парлямэнтам Беларусі ў парлямэнце Эстоніі Валеры Корб.

«Як гэты прынцып дзейнічае ў Эстоніі, канкрэтна відаць па складзе тых дэпутатаў, якія прыляцелі ў Менск. Так, Мээліс Мялбэрг прадстаўляе Партыю рэформаў, якая раней была пры ўладзе. Цяпер ён у апазыцыі. А кіраваць з восені мінулага году стаў цэнтрысцкі блёк, ад якога ў Беларусь цяпер прыбылі два дэпутаты. Вядома, паміж кіроўным блёкам і апазыцыяй ёсьць пэўныя разыходжаньні ў некаторых праблемах. Але для таго, каб іх вырашаць, і існуе парлямэнт», — сказаў спадар Корб.

На думку эстонскіх парлямэнтароў, Беларусь магла б з карысьцю для сябе найперш скарыстацца эстонскім досьведам самакіраваньня. Менавіта з эфэктыўнасьцю працы мясцовага самакіраваньня зьвязваюць эканамічны і сацыяльны прагрэс у Эстоніі. Тут многія праблемы жыхароў вырашаюцца без удзелу чыноўнікаў, з шырокім ужываньнем сучасных інфармацыйных тэхналёгіяў.

Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук найперш акцэнтаваў увагу гасьцей на дзьвюх рэчах. Першая — павышэньне аб’ёмаў ўзаемнага гандлю. Летась ён склаў толькі 100 мільёнаў даляраў і істотна «прасеў» параўнальна з папярэднімі гадамі.

«Але, на жаль, тую плянку, якую мелі раней, мы моцна апусьцілі. Гэта ня наша пазыцыя. Мы маглі б мець значна болей, як мінімум у разы», — лічыць спадар Пірштук.

Другая — Беларусь апошнім часам старанна працуе над умацаваньнем сваіх пазыцыяў у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і разьлічвае атрымаць статус назіральніка ў Парлямэнцкай канфэрэнцыі краінаў Балтыйскага мора.

«Ваша пазыцыя ў гэтым пытаньні можа быць дастаткова важкай», — сказаў Баляслаў Пірштук і папрасіў эстонскіх парлямэнтароў падтрымаць намаганьні Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG