Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адным з кіраўнікоў НАК стане хакеіст з каманды Лукашэнкі


Андрэй Асташэвіч

Максім Рыжанкоў пакідае крэсла першага віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі і сканцэнтруецца на працы першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

Як стала вядома спартоваму выданьню «Прессбол», вакантнае месца ў НАК можа заняць цяперашні дырэктар Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы» Андрэй Асташэвіч. Яму 45 гадоў, ён таксама вядомы як форвард хакейнай каманды вэтэранаў, у якой капітанам зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка.

Абодва пакуль што ўстрымлваюцца ад камэнтароў, аднак ня выключана, што кадравыя зьмены прысьпешыла крытыка на адрас спартовых чыноўнікаў і функцыянэраў, якая прагучала падчас штогадовага прэзыдэнцкага пасланьня 21 сакавіка.

Лукашэнка назваў «агіднай» працу ў спорце высокіх дасягненьняў, паабяцаўшы кардынальна рэфармаваць профільныя фэдэрацыі і Нацыянальны алімпійскі камітэт, а таксама прыстрашыў пакараць вінаватых за дрэнна выбудаваную падрыхтоўку ў дзіцяча-юнацкіх школах.

Цягам амаль трох гадоў Максім Рыжанкоў быў другой асобай у НАК пасьля Аляксандра Лукашэнкі і прыняў галоўны ўдар за правальны выступ беларускіх атлетаў на леташняй Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра.

Пасьля гэтага і пачалі хадзіць чуткі, што сыход Рыжанкова з пасады першага намесьніка кіраўніка НАК — пытаньне часу. Апроч таго, што цяпер ён засяродзіцца на выкананьні абавязкаў у прэзыдэнцкай адміністрацыі, Рыжанкоў яшчэ застаецца старшынём Беларускай фэдэрацыі баскетболу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG