Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальнік «Вікіпэдыі» абвясьціў пра запуск інфармацыйнага інтэрнэт-праекту


Заснавальнік "Вікіпэдыі" Джымі Ўэйлз

Заснавальнік «Вікіпэдыі» Джымі Ўэйлз абвясьціў аб запуску новага інтэрнет-праекта — Wikitribune. Мяркуецца, што новая інфармацыйная плятформа абʼяднае журналістаў і чытачоў для стварэньня правераных навін, «свабодных ад фэйку».

Сайт Wikitribune зьяўляецца самастойным праектам і ніяк не зьвязаны зь «Вікіпэдыяй» і фондам «Вікімэдыя», заяўляе Ўэйлз.

Журналісты Wikitribune будуць абавязаныя раскрываць крыніцы інфармацыі і выкладваць у адкрыты доступ усе спасылкі — напрыклад, на аўдыёзапісы інтэрвію.

Сябры супольнасьці Wikitribune змогуць прапаноўваць журналістам тэмы для артыкулаў і правяраць факты. Чытачы змогуць рэдагаваць артыкулы, калі заўважаць у іх недакладнасьці. Аднак зьмены будуць апублікаваныя толькі пасьля адабрэньня супрацоўнікам Wikitribune або ўпаўнаважаным на тое чытачом.

Як адзначаецца на сайце Wikitribune, праект будзе цалкам бясплатным і свабодным ад рэклям. Мяркуецца, што фінансавацца ён будзе за кошт спонсарскіх унёскаў. Спонсары ня змогуць выбіраць аўтара, які асьвятляў бы тэму ў патрэбным для іх ключы, і ўплываў на рэдакцыйную палітыку.

Ўэйлз плянуе наняць першых штатных журналістаў да пачатку чэрвеня.

XS
SM
MD
LG