Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Расеі адмаўляе пастаўкі зброі і тэхнікі талібам


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў назваў беспадстаўнымі і непрафэсійнымі заявы амэрыканскіх вайскоўцаў аб тым, што Масква пастаўляе ўзбраеньне талібам. Кіраўнік расейскага МЗС заявіў, што няма ніводнага факта, які пацьвярджаў бы словы камандуючага амэрыканскім кантынгентам у Аўганістане, перадае расейскае агенцтва «Новости».

Раней на прэс-канфэрэнцыі ў Кабуле генэрал Джон Нікалсан, адказваючы на пытаньне аб дакладнасьці інфармацыі аб пастаўках расейскай зброі талібам, заявіў, што амэрыканскае камандаваньне працягвае атрымліваць паведамленьні аб такой дапамозе.

Паводле ананімных крыніц газэты The Washington Post у Пэнтагоне, за апошнія паўтара году Масква павялічыла пастаўкі талібам ваеннага абсталяваньня і зброі, у тым ліку цяжкіх кулямётаў, на падставе таго, што гэтая зброя будзе выкарыстана талібамі супраць тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Аднак яна ўжываецца талібамі на поўдні краіны ў правінцыях Гельманд і Кандагар, якія не зьяўляюцца зонай дзеяньняў «Ісламскай дзяржавы».

Міністар абароны ЗША Джым Мэтыс, выступаючы на прэс-брыфінгу разам з генэралам Нікалсанам, падкрэсьліў, што «пастаўкі любой зброі ў Аўганістан замежнай дзяржавай зьяўляюцца парушэньнем міжнародных законаў, калі толькі гэтая зброя не паступае ўраду Аўганістану».

Мэтыс наведаў Аўганістан праз два дні пасьля нападу талібаў на базу аўганскай арміі ў Мазары-Шарыф, у выніку якой загінула больш за 140 аўганскіх вайскоўцаў. Міністар абароны ЗША можа зьвярнуцца да прэзыдэнта краіны Дональда Трампа з запытам павялічыць амэрыканскі вайсковы кантынгент у краіне. Цяпер ён налічвае 8400 вайскоўцаў.

XS
SM
MD
LG