Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах не дазваляюць правядзеньне першамайскіх акцый прафсаюзаў і апазыцыі


Ілюстрацыйнае фота

З рэгіёнаў прыходзяць навіны пра недазволеныя акцыі прафсаюзаў і апазыцыі, прымеркаваныя да 1 траўня.

Аршанскія сябры незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) зьбіраліся далучыцца асобнай калёнай да традыцыйнага штогадовага сьвяткаваньня 1 траўня. Аднак у адказе Аршанскага райвыканкаму заяўнікам паведамілі, што сёлета ў горадзе ня будзе адзначацца Дзень міжнароднай салідарнасьці працоўных. Хаця ў мінулыя гады першамайскія ўлады арганізоўвалі імпрэзы на Першае траўня, сёлета ня будзе ні мітынгу, ні іншых гарадзкіх мерапрыемстваў.

Прадстаўнік незалежнага прафсаюзу РЭП, праваабаронца Васіль Берасьнеў лічыць, што гарадзкі мітынг адменены знарок: каб ня даць сабрацца разам усім незадаволеным і Дэкрэтам № 3, і сытуацыяй у краіне ўвогуле. 12 сакавіка ў Воршы прайшоў так званы «Марш недармаедаў». На ім гучалі рэзкія выступы і супраць эканамічнай палітыкі ўладаў, і супраць сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, і асабіста супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў правесьці «альтэрнатыўныя» мітынг і шэсьце 1 траўня. Заяўку на яго правядзеньне падавалі мясцовыя актывісты Раман Мішчынка і Аляксандар Царук. Яны хацелі правесьці мітынг на плошчы Леніна, а потым шэсьцем прайсьці праз цэнтар горада да плошчы Славы.

Аднак улады адказалі, што для масавых мерапрыемстваў, якія арганізуюць грамадзяне, грамадзкія арганізацыі і палітычныя партыі, вызначаная пляцоўка на стадыёне на вуліцы Чалюскінцаў. Царук і Мішчанка ня згодныя праводзіць мітынг «на выселках». Нягледзячы на адмову гарвыканкаму санкцыяваць акцыю пратэсту, Царук і Мішчынка не адмаўляюцца ад намераў яе правесьці.

Пасьля «Народнага сходу» ў Слоніме 19 сакавіка, мясцовая Кааліцыя дэмакратычных сіл зьбіралася правесьці чарговы сход слонімцаў 30 красавіка. Але ўлады адмовілі ў новым народным сходзе.

Алесь Масюк
Алесь Масюк

«Мы плянавалі працягнуць абмеркаваньне праблемных пытаньняў на Слонімшчыне, абмеркаваць адказ Слонімскага райвыканкама на рэзалюцыю першага „Народнага сходу“», — паведаміў Свабодзе Алесь Масюк, актывіст дэмакратычнай кааліцыі Слоніма.

Праз забарону другога «Народнага сходу», дэмакратычная кааліцыя заклікае слонімцаў далучыцца да афіцыйнага сьвята 1 траўня.

«Мы ня будзем праводзіць „Народны сход“, каб не падстаўляць людзей, — кажа Масюк. — Але ніхто не забараняе любому слонімцу прыняць удзел у афіцыйным сьвяткаваньні».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG