Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе і Расеі растуць выдаткі на войска. У Беларусі за год яны зьменшыліся на 17,5%


Расея выйшла на трэцяе месца ў сьвеце па вайсковых выдатках. У 2016 годзе на абарону там патрацілі 69,2 мільярда даляраў. Большыя выдаткі толькі ў Кітая і ЗША. У той час як у Паўночнай Амэрыцы, Заходняй і Ўсходняй Эўропе вайсковыя выдаткі працягваюць расьці, у Беларусі ў 2016 годзе яны зьнізіліся на 17,5%.

Вайсковыя выдаткі Беларусі ў 2016 годзе склалі 597 мільёнаў даляраў, што на 17,5% менш, чым у 2015 годзе. З такім паказчыкам Беларусь апынулася на 76-м месцы ў сьвеце па колькасьці выдаткаў на абарону, перадае TUT.BY са спасылкай на Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньняў праблем міру (SIPRI). У той жа час паводле афіцыйных дадзеных у 2016 годзе Беларусь выдаткавала на абарону 906 мільёнаў рублёў (каля 500 мільёнаў даляраў), а ў 2015 — 801 мільён.

У Заходняй Эўропе вайсковыя выдаткі павялічваюцца другі год запар. У параўнаньні з 2015 годам, у 2016 яны вырасьлі на 2,6%. Самы вялікі рост зафіксаваны ў Італіі — 11%.

Як адзначаецца ў дасьледаваньні, Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа таксама нарошчваюць вайсковыя выдаткі.

«Рост выдаткаў ува многіх краінах Цэнтральнай Эўропы часткова тлумачыцца ўспрыманьнем Расеі як краіны, якая ўяўляе ўзрастаючую пагрозу», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Пяцёрка сусьветных лідэраў па выдаткаваных сумах на вайсковыя патрэбы наступная: ЗША (611 мільярдаў даляраў), Кітай (215 мільярдаў), Саўдаўская Арабія (63,7 мільярда), Індыя (55,9 мільярда).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG