Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускія выбары: У нас забіраюць дэмакратыю


Віржыні Шыманец

У нядзелю ў Францыі адбудзецца першы тур прэзыдэнцкіх выбараў. Пра палітычную сытуацыю ў гэтай краіне разважае стваральніца парыскага выдавецтва Ver à soie, дасьледніца беларускага тэатру, лінгвіст і гісторык Віржыні Шыманец

У маім жыцьці яшчэ ніколі не было выбараў з такім ціскам на выбарнікаў як цяпер. Гэта як бы ўсе навокал вырашылі напляваць на фундамэнтальныя прынцыпы дэмакратыі: ціск мэдыяў, ціск апытаньняў грамадзкай думкі, ціск справаў пра злоўжываньне публічнымі сродкамі, ціск сацыяльных сетак, тэрарыстычныя акты, запалохваньне Нацыянальным Фронтам (НФ).

У Францыі ў першым туры заўсёды галасавалі або паводле перакананьня, або пратэстна.

Здавалася б, што мы павінны былі б галасаваць «прагматычна». Гэта значыць, што сёньня ад грамадзянаў патрабуецца, каб ужо ў першым туры выбараў яны не галасавалі паводле сваіх перакананьняў. Быццам бы ад тых перакананьняў трэба было б адмовіцца, каб паводзіць сябе, так сказаўшы, стратэгічна, каб паставіць заслон НФ. Вось жа, у Францыі ў першым туры заўсёды галасавалі або паводле перакананьня, або пратэстна. Тыя, хто строіць зь сябе тонкіх стратэгаў, зусім не ўсьведамляюць, што яны патрабуюць ад нас скарыцца сытуацыі і што яны самі ўжо выйшлі за межы дэмакратыі.

Шмат хто галасаваў супраць сваіх перакананьняў, каб паставіць заслон правым экстрэмістам.

Апытаньні ўжо не адзін тыдзень абяцаюць нам у другім туры пару Макрон/Лё Пэн і падаюць нам гэты сцэнар так, нібыта сацыялягічныя службы, аплачаныя кандыдатамі, ужо выявілі вынікі рэальнага галасаваньня. Але мы ўжо былі сьведкамі амаль аналягічнага выпадку. У 2002 годзе апытаньні давалі Лё Пэну-бацьку 7%, а ў выніку ён апынуўся ў другім туры. Гэта быў велізарны шок, і 80% насельніцтва ў выніку прагаласавала за Шырака. Значыць, шмат хто галасаваў супраць сваіх перакананьняў, каб паставіць заслон правым экстрэмістам. З сваімі 80% Шырак пасьля мог рабіць усё, што захоча, і зайшоў на тэрыторыю крайне правых настолькі, што пасьля ў нас быў Сарказі зь ягоным міністэрствам нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Адтуль паходзіць і спадар Фіён. Будучы прэм’ер-міністрам, ён праігнараваў голас грамадзянаў, якія ў сваёй бальшыні сказалі «не» на рэфэрэндуме аб Эўропе ў 2005 годзе. Гэтыя дзьве падзеі замацавалі адну за адной дзьве адмовы ад дэмакратычных прынцыпаў, на якіх грунтавалася жыцьцё супольнасьці ў Францыі.

Да гэтых дзьвюх адмоваў урэшце дадалася трэцяя. Алянд быў абраны на падставе левай праграмы з разьлікам на тое, што будзе праведзенае ў жыцьцё «не» эўрапейскім эканамічным пагадненьням, выказанае на рэфэрэндуме 2005 году. Ён таксама здрадзіў сваім выбарнікам, зрабіўшы адваротнае таму, дзеля чаго ён быў абраны: ён праводзіў палітыку правых.

Дарэчы, Макрон быў пры ім міністрам эканомікі і адным з галоўных ініцыятараў Закону аб працы, які быў скіраваны супраць сыстэмы калектыўных дамоваў і выклікаў шматлікія пратэсты, якія ўдалося суняць толькі сілай. Ягоны міністар Эманюэль Вальс скарыстаўся артыкулам 49.3 Канстытуцыі — правам дэкрэту — каб правесьці гэты закон. Усе гэтыя людзі здрадзілі леваму электарату.

Шмат хто галасаваў супраць сваіх перакананьняў, каб паставіць заслон правым экстрэмістам.

І гэта ўсё ня лічачы чацьвёртай адмовы ад дэмакратыі. Сярод левых прайшлі праймэрыз, каб вызначыць кандыдата ў прэзыдэнты ад Сацыялістычнай партыі. У міжчасе два кандыдаты адмовіліся ў іх удзельнічаць — Макрон і Мэляншон. Адзін заснаваў уласную партыю і сказаў, што фактычна ён зусім і не сацыяліст; другі заснаваў сваю партыю яшчэ да таго і сказаў, што ён больш чым сацыяліст. І калі Амон быў абраны на праймэрыз прадстаўляць на выбарах левыя сілы, больш за 280 так званых дэлегатаў-сацыялістаў пакінулі яго і далучыліся хто да Макрона, хто да Мэляншона. У імя чаго? Паставіць заслон Нацыянальнаму Фронту. Гэта значыць, каб нібыта паставіць заслон НФ, яны вырашылі напляваць яшчэ раз на тое, як прагаласавалі прыхільнікі левых сілаў.

Рэклямаваны сцэнар Макрон/Лё Пэн у другім туры — гэта амаль той самы сцэнар запалохваньня Нацыянальным Фронтам, які мы бачылі ў 2002 годзе.

Разам з тым выглядае, што так рэклямаваны сцэнар Макрон/Лё Пэн у другім туры — гэта амаль той самы сцэнар запалохваньня Нацыянальным Фронтам, які мы бачылі ў 2002 годзе, толькі што ёсьць адчуваньне, што гэтым разам нам навязалі гэты сцэнар ужо перад першым турам, да ўсялякага рэальнага галасаваньня. Адчуваньне такое, што зроблена ўсё, каб скрасьці ў нас тую дэмакратычную гульню, вакол якой, як лічыцца, і арганізуюцца выбары. Калі да ўсіх канкрэтных парушэньняў прынцыпаў дэмакратыі з боку бальшыні кандыдатаў дадаць ціск апытаньняў, ціск галасаваць «прагматычна», што часам нават не дыскутуецца, тэракты, кантэкст надзвычайнага становішча — можна заўважыць, што для палітычнай дыскусіі амаль не засталося прасторы.

Некаторыя бачаць, што сярод 5 найбольш верагодных кандыдатаў (Макрон, Фіён, Лё Пэн, Мэляншон і Амон) ёсьць толькі адзін, чыя праграма рашуча супрацьстаіць 1) выхаду з Эўразьвязу і 2) безразважнаму альянсу як з Трампам, так і з Пуціным. Але ўсе гэтыя гульні з апытаньнямі і партыйнымі здрадамі фактычна прыводзяць да таго, што гэтаму кандыдату апытаньні даюць усяго 7% і што ўсе іншыя заклікаюць не галасаваць за яго, бо ён усё роўна «ня мае шанцаў».

Ніхто не ўяўляе сабе, што людзі будуць галасаваць паводле сваіх перакананьняў.

Ніхто не ўяўляе сабе, што людзі будуць галасаваць паводле сваіх перакананьняў. Уяўляюць сцэнары Макрон/Лё Пэн, Фіён/Лё Пэн, Мэляншон/Лё Пэн, але па сутнасьці ніхто не ўяўляе сцэнару Мэляншон/Макрон — нагэтулькі ж жахлівага для дэмакратыі. Аднак усе гэтыя размовы пра «прагматычнае галасаваньне» толькі змушаюць сацыял-дэмакратаў аддаць свае галасы не Макрону (Макрон ня левы і няма падставаў думаць, што левыя маглі б галасаваць за яго), а Мэляншону, які не прадстаўляе дэмакратычных левых.

Ніхто ня кажа, што ў выніку ўсіх гэтых малых гульняў і дыскрэдытацыі кандыдата Амона, ёсьць рызыка, што ў другім туры апынуцца Мэляншон і Макрон. Гэта хоць і будзе падобна на традыцыйны сцэнар «левыя і правыя», але фактычна ня мае з гэтым традыцыйным сцэнаром нічога агульнага. Бо 1) Мэляншон арыентуецца на Пуціна і на «баліварскі альянс» паўднёваамэрыканскіх аўтарытарных кіраўнікоў і 2) Макрон пакідае ўражаньне, што ён — кандыдат усіх праамэрыканскіх сіл, але ён не прапануе нічога, што б вывела нас з рэжыму жорсткай эканоміі, які ўжо доўгія гады грае на руку Нацыянальнаму Фронту.

Усё чацьвёра ўжо сёньня плююць на дэмакратыю, і няма падставаў спадзявацца, што яны ня пойдуць яшчэ далей.

Карацей кажучы, калі НФ ня выйграе цяпер, то ў нас ёсьць усе шанцы праз пяць гадоў стаць сьведкамі ўсталяваньня аўтарытарнага рэжыму — няважна левага або правага. Калі будзе абраны Фіён або Лё Пэн, гэта адбудзецца ўжо цяпер. Калі абяруць Макрона або Мэляншона, гэта будзе азначаць левы аўтарытарызм ужо цяпер або правы аўтарытарызм пасьля сканчэньня гэтага прэзыдэнцкага тэрміну, калі толькі Фіён, Лё Пэн, Макрон або Мэляншон наагул будуць праз пяць гадоў гатовыя аддаць ключы ад прэзыдэнцкага палаца. Усё чацьвёра ўжо сёньня плююць на дэмакратыю, і няма падставаў спадзявацца, што яны ня пойдуць яшчэ далей.

Вось чаму я вельмі занепакоеная. У гэтую нядзелю я буду галасаваць паводле маіх перакананьняў. Маё пакаленьне ўжо стамілася. За апошнія трыццаць гадоў у нас забралі занадта шмат. Засталося толькі забраць у нас дэмакратыю. І ўпершыню ў жыцьці ў гэтую нядзелю я пайду галасаваць як бы гэта быў апошні раз.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG