Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам на Балі нічога не інкрымінавалі, але пашпартоў пакуль не аддаюць


Міграцыйныя службы Інданэзіі завяршылі працэдуру праверкі асобаў у дачыненьні да двух мастакоў зь Віцебску, якіх абвінавачвалі ў «незаконным прадпрымальніцтве» на востраве Балі.

Як паведаміў БелаПАН прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, беларусам нічога не інкрымінуецца:

«Інданэзійскія міграцыйныя службы зьнялі прэтэнзіі да беларусаў, — сказаў ён. — Пры гэтым мастакам рэкамэндавана пакінуць краіну да заканчэньня тэрміну дзеяньня іхніх візаў».

Самі ўдзельнікі стрыт-арт-праекту HoodGraff кажуць, што пашпартоў ім пакуль не вярнулі. Як толькі гэта здарыцца, яны адразу ж пакінуць востраў. Цяпер сытуацыя на кантролі амбасады Беларусі ў Інданэзіі.

Двое маладых віцебскіх мастакоў некалькі месяцаў падарожнічаюць. Іх маршрут — Расея, Тайлянд, Індыя, Інданэзія. Усюды яны пакідаюць пра сябе памяткі ў выглядзе графіці.

12 красавіка на інданэзійскім востраве Балі іх затрымала мясцовая міграцыйная служба. Прычынай — нібыта «прадпрымальніцкая дзейнасьць» і незадэкляраваны прыбытак ад яе. Ім пагражаў штраф у эквіваленце 37,5 тысячы даляраў або турэмны тэрмін да 5 гадоў.

Мастакі кажуць, што не займаюцца прадпрымальніцтвам, наадварот, малююць за свае грошы. Адно што ўзгадняюць разьмяшчэньне малюнкаў з гаспадарамі будынкаў і мясцовымі рэлігійнымі грамадамі. Яны малявалі чорна-белыя партрэты Умы Турман, Джэка Нікалсана, Кевіна Сьміта, Джэйсана Мʼюза ды іншых усясьветных славутасьцяў.

XS
SM
MD
LG