Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На антыўрадавай дэманстрацыі ў Каракасе забілі студэнта


Ілюстрацынае фота. Пратэсты ў Вэнэсуэле

У акцыях пратэсту 19 красавіка ў сталіцы Вэнэсуэлы Каракасе і яшчэ ў 20 гарадах краіны ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, паведамляе ВВС.

Дэманстранты патрабавалі правядзеньня датэрміновых выбараў і вызваленьня з турмы лідэраў апазыцыі.

Як паведамляюць СМІ са спасылкай на відавочцаў, падчас акцыі ў Каракасе ад кулявога раненьня ў галаву загінуў студэнт.

Гэтыя апазыцыйныя акцыі могуць стаць найбуйнейшымі ў краіне за апошнія тры гады. Актывісты ўжо называюць іх «маці ўсіх пратэстаў» і «другім днём незалежнасьці».

Таксама ў Каракасе прайшоў і марш прыхільнікаў дзейнага прэзыдэнта Нікаласа Мадура, якія абвінавачваюць апазыцыйных актывістаў у спробе арганізаваць дзяржаўны пераварот.

У Вэнэсуэле працягваецца супрацьстаяньне паміж прэзыдэнтам і апазыцыяй, якая кантралюе парлямэнт. Праціўнікі Мадуры лічаць, што яго палітыка прывяла да моцнага эканамічнаму крызысу і падаўленьня дэмакратычных свабодаў.

Паводле МВФ, узровень інфляцыі ў Вэнэсуле сёлета можа перавысіць 700%.

Прэзыдэнт Мадура кажа, што ягоныя апанэнты спрабуюць зладзіць дзяржаўны пераварот пры падтрымцы ЗША.

Напярэдадні міністэрствы замежных спраў 11 лацінаамэрыканскіх краінаў зьвярнуліся да Мадура з просьбай правесьці датэрміновыя выбары ў Вэнэсуэле, каб спыніць эканамічны крызыс.

На пачатку году Вярхоўны суд Вэнэсуэлы заблякаваў рашэньне апазыцыйнага парлямэнту аб адхіленьні ад улады прэзыдэнта Нікаласа Мадуры, прызнаўшы яго неканстытуцыйным.

Беларуска-вэнэсуэльскія дачыненьні распачаліся ў сярэдзіне 2000-х і ў асноўным трымаліся на асабістых кантактах Аляксандра Лукашэнкі і тагачаснага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса. Пасьля сьмерці Чавэса беларуска-вэнэсуэльскае супрацоўніцтва пачало затухаць.

XS
SM
MD
LG