Першы тур выбараў прэзыдэнта Альбаніі, што праходзіць у Народным сходзе (парлямэнце) краіны, агенцтва Reuters назвала «дзіўнымі ня-выбарамі».
19 красавіка першы з магчымых пяці раўндаў выбараў прайшоў без аніводнай пазнакі ў бюлетэнях, бо не было прапанавана аніводнага кандыдата.
Апазыцыйная Дэмакратычная партыя байкатуе выбары і патрабуе найперш прызначыць «тэхнакратычны» ўрад. Іншыя партыі падтрымалі варыянт «ня-выбараў», каб схіліць Дэмакратычную партыю да адмовы ад байкоту. Прэм’ер-міністар Альбаніі, сацыяліст Эдзі Рама заявіў, што будзе чакаць кампрамісу.
Як тлумачыць Balcan Insight, сацыялісты і іхныя саюзьнікі маюць дастаткова галасоў (85 са 140 дэпутатаў парлямэнту), каб выбраць прэзыдэнта, але не выстаўляюць свайго кандыдата, каб дэмакраты пагадзіліся на кампраміснага.
Апазыцыя ж (55 са 140) байкатуе дзейнасьць парлямэнту ад вулічных пратэстаў 18 лютага: яны лічаць, што наступныя парлямэнцкія выбары 18 чэрвеня будуць сфальсыфікаваныя, патрабуюць ад Рамы пакінуць пасаду і «прызначыць урад, які правядзе свабодныя і справядлівыя выбары». А што да прэзыдэнцкіх выбараў, то апазыцыя зацікаўленая ў іх адкладаньні.
Альбанія — парлямэнцкая рэспубліка, але прэзыдэнт фармальна называецца кіраўніком дзяржавы, прызначае прэм’ер-міністра, выступае галоўнакамандуючым войскамі, гарантуе выкананьне законаў і Канстытуцыі.
Кандыдата ў прэзыдэнты прапануюць ня менш за 20 дэпутатаў са 140. У першых трох турах за кандыдата маюць прагаласаваць дзьве траціны парлямэнту (84 дэпутаты), каб ён перамог, а калі гэтага не адбываецца, могуць прызначацца яшчэ два туры, у якіх перамагае кандыдат проста з найбольшай колькасьцю галасоў. Калі і ў пяці турах (яны маюць цягнуцца не даўжэй за 35 дзён разам) прэзыдэнта ня выбралі, парлямэнт распускаецца, прызначаюцца новыя парлямэнцкія выбары.