Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: У Беларусі павялічваецца колькасьць прыроджаных анамаліяў


Юры Бандажэўскі
Юры Бандажэўскі

У Беларусі павялічваецца колькасьць прыроджаных анамаліяў, паведаміў 18 красавіка Белстат у апублікаваным на сваім афіцыйным сайце бюлетэні «Сетка, кадры арганізацыяў аховы здароўя і захворваньне насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, 2016».

Паводле БелаПАН

Колькасьць выпадкаў прыроджаных анамаліяў (хібаў разьвіцьця), дэфармацыяў і храмасомных парушэньняў павялічылася на 18 працэнтаў — з 17.380 у 2015-м да 20.510 у 2016 годзе.

Паказьнік на 100 тысяч насельніцтва склаў 183,1 і 215,9 адпаведна. Найвышэшая доля выяўленьня прыроджаных хібаў у Менску — 493,1 выпадку на 100 тыс. насельніцтва (у 2015-м — 389,4), Гомельскай вобласьці — 256,4 (221,2). Найніжэйшы ў краіне паказьнік у Горадзенскай вобласьці — 67 выпадкаў (59,3).

Кіраўнік кіеўскага каардынацыйнага аналітычнага цэнтру «Экалёгія і здароўе», доктар мэдычных навук прафэсар Юрый Бандажэўскі патлумачыў агенцтву БелаПАН, што ўзьнікненьне прыроджаных хібаў разьвіцьця можа быць зьвязана з генэтычнай схільнасьцю, то бок наяўнасьцю генэтычных дэфэктаў у полавых клетках бацькоў, а таксама ўзьдзеяньнем фактараў асяродзьдзя ў пэрыяд унутрычэраўнага разьвіцьця.

Да іх адносіцца і радыяцыйны фактар чарнобыльскага паходжаньня. «Гэты ж фактар можа быць прычынай генэтычных парушэньняў у полавых клетках», — сказаў Бандажэўскі.

Як адзначыў Бандажэўскі, усё насельніцтва Беларусі зьведвае ўнутранае радыяцыйнае апрамяненьне за кошт спажываньня прадуктаў. «Да гэтага часу і ў Беларусі, і ва Ўкраіне многія людзі пэрыядычна ўжываюць прадукты з вельмі высокім узроўнем забруджваньня. Гаворка ідзе аб грыбах, ягадах і прадукцыі, вырашчанай на забруджаных тэрыторыях. Радыятаксычны эфэкт па-ранейшаму існуе, і гэта адлюстравана ў статыстыцы захворваньня», — растлумачыў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG