Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці Натальлі Папковай прысудзілі 15 сутак, але яна сышла з суду


Натальля Папкова, архіўнае фота

Актывістцы аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і «Маладой Беларусі» Натальлі Папковай зь Берасьця прысудзілі 15 сутак арышту за непадпарадкаваньне міліцыянтам.

Такое рашэньне вынес судзьдзя Ленінскага суду Берасьця Алег Міранюк.

У судзе сьведкі-міліцыянты казалі, што Натальля Папкова адмаўлялася выконваць законныя патрабаваньні супрацоўнікаў, хапала міліцыянтаў за форму.

Актывістка віны не прызнавала. Заяўляла адвод судзьдзі, аднак Алег Міранюк гэтае хадайніцтва адхіліў.

У судовым перапынку Натальля Папкова сышла з будынку суду і на паседжаньне не вярнулася. Судзьдзя прысудзіў актывістцы 15 сутак у яе адсутнасьць.

Папкова заявіла Свабодзе пасьля паседжаньня:

«Судзьдзя Міранюк Алег Сьцяпанавіч — яскравы прыклад беларускага правасудзьдзя. Прычыны для першага адводу не дастатковыя, бо тое, што ён вёў маю справу раней, не зьяўляецца нагодай для адводу. Хадайніцтва аб адвакаце пакінуў без задавальненьня, бо ён мне ўжо даваў час знайсьці адваката, а я ім не скарысталася. Хадайніцтва аб прызначэньні дзяржаўнага абаронцы пакінуў без задавальненьня, бо суд адвакатаў не прадастаўляе. Другі адвод таксама пакінуў без задавальненьня, бо знаходжаньне сьведкаў у залі не было даказанае.

Я сышла з залі суду не чакаючы выраку, бо не разумею, навошта мяне туды прывезьлі. А ўсе мае спробы дабіцца чэснага і справядлівага апраўданьня суд спыняў».

Спадарыню Папкову затрымалі міліцыянты ўвечары 17 красавіка за пераход дарогі ў нявызначаным месцы. Ёй прапанавалі праехаць у Ленінскі РАУС, але Папкова адмовілася. Тады яе сілком пасадзілі ў машыну і адвезьлі ў пастарунак, дзе склалі пратакол за непадпарадкаваньне міліцыянтам.

Раней, у часе акцыяў «недармаедаў», Натальля Папкова адбывала суткавыя арышты, яе штрафавалі і нават зьмяшчалі ў псыхіятрычную лякарню.

XS
SM
MD
LG