«За» прагаласавалі 522 дэпутаты, «супраць» — 13.
Цяперашнія апытаньні паказваюць значную перавагу Кансэрватыўнай партыі, якую рэпрэзэнтуе Тэрэза Мэй. Тым ня менш, прадстаўнікі апазыцыйных партыяў у парлямэнце адразу заявілі, што ня будуць блякаваць прапанову аб датэрміновых выбарах.
Апошнія выбары ў парлямэнт Вялікабрытаніі прайшлі ў 2015 годзе і наступныя меліся адбыцца ў 2020. Раней Мэй і міністры зь яе ўраду неаднаразова адпрэчвалі магчымасьць правядзеньня выбараў да 2020-га год, таму яе прапанова стала нечаканасьцю для прэсы і назіральнікаў. Мэй заявіла ў аўторак, што правядзеньне новых выбараў неабходна, каб забясьпечыць стабільнасьць у сытуацыі, калі краіна пачала перамовы аб выхадзе з Эўрапейскага Зьвязу.
Апазыцыйныя лейбарысты выступаюць супраць так званага «жорсткага Брэксыту», а лібэральныя дэмакраты заклікаюць перагледзець вынікі рэфэрэндуму аб выхадзе краіны з ЭЗ.