Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАІ Магілёва пакарала кіроўцу за бел-чырвона-белую налепку


Налепка, за якую аўтаўладальніка аштрафавалі

Жыхара Магілёва Аляксея Кузьміна прызналі вінаватым у парушэньні правілаў дарожнага руху і абавязалі сплаціць палову базавай велічыні (11,5 рубля) штрафу. Прычына — бел-чырвона-белая налепка на машыне. Сваёй віны кіроўца не прызнае і зьбіраецца пакараньне абскарджваць.

16 красавіка апоўначы Аляксея спыніў супрацоўнік ДАІ за перавышэньне хуткасьці. У ходзе праверкі дакумэнтаў і самой машыны на яго было складзена некалькі пратаколаў, у тым ліку за бел-чырвона-белую налепку зь літарамі «BY». Інспэктар аргумэнтаваў прэтэнзіі тым, што налепка «неўстаноўленага» ўзору. Паводле міліцыянта, яна мае быць чорна-белай.

«Я лічу, што міліцыянт прычапіўся да налепкі, бо яму не спадабаліся колеры, — кажа Аляксей. — Калі б налепка была чырвона-зялёнай, то і прэтэнзіяў не было б. Безумоўна, гэтая сытуацыя мяне абурае. Я набыў гэтую налепку ў Менску, у краме Symbal.by. Пра такога роду інцыдэнты мяне ў краме не папярэджвалі».

Аляксей Кузьмін
Аляксей Кузьмін

Пераканаць інспэктара ў тым, што налепка набытая ў Беларусі, не парушае правілаў, Аляксей ня змог, і яго выклікалі на разгляд пратаколаў у Магілёўскае абласное ўпраўленьне дзяржаўнай аўтаінспэкцыі.

Яго супрацоўнікі спаслаліся на 13-ю частку артыкулу 194 Правілаў дарожнага руху, паводле якога да дарожнага руху дапускаюцца транспартныя сродкі «з вонкава бачнымі налепкамі (выявамі)», якія адпавядаюць вызначаным узорам. Іншая сымболіка прыраўноўваецца да рэклямы, якую трэба рэгістраваць.

Дазволеныя знакі паводле правілаў дарожнага руху
Дазволеныя знакі паводле правілаў дарожнага руху

«Палітычныя бакі тут ніякія не закранаюцца. Мы займаемся выключна пытаньнямі гарантаваньня бясьпекі дарожнага руху. Вы кіроўца і павінны трымацца правілаў», — зазначыў адзін з супрацоўнікаў упраўленьня ДАІ.

Аляксей не пагадзіўся з пакараньнем і заявіў, што яго будзе абскарджваць. Ён лічыць абразьлівым для сябе, калі па горадзе разьяжджае нямала машын з «георгіеўскімі стужкамі» на бартах, якіх ДАІ не заўважае.

«Налепка „BY“ на маёй машыне такой жа формы, як у кніжцы, якую паказвалі мне ў ДАІ. У яе толькі іншы колер. Я перакананы, што ён не забаронены. Будзем абскарджваць гэтае рашэньне разам з праваабаронцамі. Яны, думаю, мне дапамогуць», — сказаў пасьля разгляду пратаколу Аляксей Кузьмін.

Упраўленьне ДАІ Магілёва
Упраўленьне ДАІ Магілёва

У менскай краме «Symbal.by» адзначылі, што прэтэнзіяў да бел-чырвона-белых налепак не было. Яны карыстаюцца попытам, і ў сталіцы нямала машын з такімі знакамі. Што да выпадку ў Магілёве, то, як адзначылі ў краме, яго варта разглядаць як выключэньне з агульнай сытуацыі.

«Магчыма, інспэктар ДАІ захацеў выслужыцца і праявіў празьмерную пільнасьць», — заўважыў супрацоўнік крамы Аляксей.

За такія знакі не штрафуюць. Хоць іх сярод дазволеных у правілах дарожнага руху няма
За такія знакі не штрафуюць. Хоць іх сярод дазволеных у правілах дарожнага руху няма

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG