Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нелегальны візыт»: Грузія незадаволеная, што кіраўнік расейскага МЗС прыехаў у непрызнаную Абхазію


Кіраўнік расейскага МЗС прыехаў у Абхазію ўвечары ў аўторак і прабудзе ў непрызнанай рэспубліцы два дні. Ён прыме ўдзел у адкрыцьці новага комплексу амбасады Расеі, а затым правядзе сустрэчу з кіраўніком самаабвешчанай рэспублікі Раўлем Хаджымбам.

У Тбілісі ўжо назвалі візыт Лаўрова «спробай замаху на сувэрэнітэт Грузіі» і абвінавацілі Маскву ў «чарговых правакацыйных дзеяньнях».

«Гэта поўнае ігнараваньне і парушэньне міжнародных нормаў і прынцыпаў. Гэты нелегальны візыт зьяўляецца нічым іншым, як спробай замаху на сувэрэнітэт нашай краіны, — пракамэнтаваў паездку Лаўрова Давід Джалаганія, намесьнік міністра замежных спраў Грузіі. — Такімі правакацыйнымі крокамі Расея нічога не дабʼецца, і рана ці позна ёй давядзецца адмовіцца ад агрэсіўнай палітыкі».

Сэпаратысцкі рэгіён Грузіі абвясьціў незалежнасьць пасьля вайны з Грузіяй у 1993 годзе. Расея пасьлядоўна падтрымлівала сэпаратысцкія настроі ў Абхазіі, а ў 2008 годзе пасьля пяцідзённай расейска-грузінскай вайны прызнала яго незалежнасьць. Грузія лічыць сэпаратысцкія Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і РФ абвінавачвае ў парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны. А сам факт прызнаньня незалежнасьці і, тым больш, адкрыцьцё ў Абхазіі амбасады лічыць часткай анэксіі яе тэрыторыі.

Паводле інфармацыі грузінскага МЗС, Лаўроў ужо тройчы наведваў Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, у прыватнасьці, у 2008, 2009 і 2011 гадах. Кожны раз грузінскі бок выступаў з асуджэньнем гэтых візытаў. Але гэтым разам заявы прадстаўнікоў афіцыйнага Тбілісі гучаць больш жорстка. Прэзыдэнт Георгі Маргвелашвілі заклікаў міжнародную супольнасьць «самым жорсткім чынам асудзіць палітыку «прывілеяваных інтарэсаў», якая праводзіцца Расеяй. А кіраўнік Міністэрства па пытаньнях прымірэньня і грамадзянскага раўнапраўя, якое адказвае за наладжваньне адносінаў з насельніцтвам Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, зноў загаварыла пра пагрозу анэксіі.

Некаторыя грузінскія аналітыкі не выключаюць: у выніку візыт Лаўрова можа выліцца ў абвастрэньне адносінаў паміж Расіяй і Грузіяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG