Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З сэйфа антыкарупцыйнага ўпраўленьня МУС укралі чвэрць мільёна даляраў


Злачынства, учыненае яшчэ на пачатку студзеня ў будынку Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі, стала набыткам галоснасьці толькі цяпер. І тое дзякуючы Дзяржаўнаму рэестру судовых рашэньняў Украіны, а дакладней, пастанове Шаўчэнкаўскага раённага суду Кіева.

Як піша «Беларускі партызан», крадзеж здарыўся 8 студзеня 2017 году — з сэйфа зьнікла больш за 260 тысяч даляраў.

Як вынікае з дакумэнтаў, якія трапілі ў рукі журналістаў, сьледчы Галоўнага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі Кіева зьвярнуўся ў суд з хадайніцтвам аб аказаньні прававой дапамогі кампэтэнтным органам Рэспублікі Беларусь. Крымінальная справа распачатая ў дачыненьні да грамадзяніна N, абвінавачанага паводле ч. 4 арт. 205 Крымінальнага кодэксу Беларусі — «Крадзеж у асабліва буйным памеры» (ад 3 да 12 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці).

Гаворка вялася пра магчымасьць доступу да інфармацыі апэратараў мабільнай сувязі «Київстар», «МТС Україна» і «Лайфселл».

Выявілася, што 8 студзеня 2017 году каля 9-й раніцы грамадзянін N таемна скраў 269 150 даляраў з сэйфа ў кабінэце № 107 адміністрацыйнага будынка ў Менску на вуліцы Рэвалюцыйнай, 3.

Па гэтым адрасе разьмяшчаецца Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі. Іншых структураў у будынку няма.

Магчыма, грошы былі рэчавымі доказамі ў адной з карупцыйных спраў альбо сродкамі, якія выдаткоўваюцца на правядзеньне апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў.

Зламысьнік 8 студзеня каля 13.00 ён перасек беларуска-ўкраінскую мяжу, на тэрыторыі Ўкраіны сустрэўся з жанчынай, асоба якой ужо вызначаная; таксама меў зносіны па тэлефоне зь невядомым мужчынам. 9 студзеня грамадзянін N выехаў у Румынію, дзе ягоныя сьляды губляюцца.

З улікам, што ўваходы і выхады з будынка ўпраўленьня кантралююць відэакамэры, а ўсе наведнікі праходзяць праз турнікеты і ахову, наўрад ці злодзей быў чалавекам з вуліцы. Праўда, у сілавых структурах гісторыю не камэнтуюць, зьвесткі пра асобу, якая спакойна скрала з сэйфа МУС чвэрць мільёна даляраў, далей за сьцены ведамства не выходзяць.

Украінскі суд задаволіў хадайніцтва сьледчага аб аказаньні прававой дапамогі беларускім калегам.

У Галоўным упраўленьні барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі карэспандэнту Свабоды сказалі, што ведамства ня мае ўласнай прэсавай службы, таму афіцыйных камэнтароў наконт гэтага ня будзе. Пацьвердзіць ці абвергнуць хоць бы факт загадкавага зьнікненьня ўказанай сумы там адмовіліся. Спроба высьветліць, ці могуць у прынцыпе ў кабінэтах упраўленьня захоўвацца такія значныя сумы, таксама засталіся без адказу. У прэсавай службе МУС Беларусі не камэнтуюць здарэньне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG