Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за 5 хвілін: «Адмовіць». У Горадні абласны суд штампуе рашэньні па скаргах «недармаедаў»


«Марш недармаедаў» у Горадні 15 сакавіка

Гарадзенскі абласны суд пакінуў бяз зьменаў рашэньні Ленінскага раённага суду наконт Антона Войцехава (10 сутак арышту) і Аляксандра Абуховіча (20 базавых велічынь штрафу). Абодва былі асуджаныя за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Горадні 15 сакавіка.

Сябра БХД Антон Войцехаў спазьніўся ў суд на разгляд скаргі. Але, паводле яго, ня думаў, што так хутка адбудзецца гэты працэс. Аляксандра Абуховіча, таксама сябра БХД, асудзілі ўпершыню, і ён спадзяваўся, што ў абласным судзе даможацца справядлівасьці. І вось ён кажа Свабодзе, што ўражаны тым, наколькі абыякава яго выслухалі ў абласным судзе.

Аляксандар Абуховіч
Аляксандар Абуховіч

— Да напісанай скаргі я дадаў, што суд нада мною прайшоў з парушэньнямі заканадаўства. Я расказаў, што падчас акцыі толькі зьбіраў подпісы, што законам не забаронена. Лёзунгаў не выкрыкваў, плякатаў не трымаў, але судзьдзя ў раённым судзе не прыняў гэта да ўвагі. Аднак і абласны судзьдзя ня выказаў ніякай зацікаўленасьці. Пяць хвілінаў ён мяне слухаў, потым яшчэ выйшаў на хвілінку некуды, а затым вярнуўся і аб’явіў, што рашэньне Ленінскага суду застаецца ў сіле.

Абуховіч сказаў Свабодзе, што пасьля вынясеньня прысуду ён толькі ўсьміхнуўся, паколькі папросту ня ведае, як інакш рэагаваць на рашэньні існай судовай сыстэмы.

— Усё гэта вялікая фікцыя пад патранажам дзяржавы. Відавочна, што судзьдзям даюць загады, а яны іх проста выконваюць. Ну як можа быць так, каб судовую скаргу судзьдзя разглядаў пяць хвілінаў?

Антон Войцехаў сказаў Свабодзе, што ў прынцыпе быў гатовы да таго, што абласны суд не задаволіць ягонай скаргі.

Антон Войцехаў
Антон Войцехаў

— Гэта звычайны пастановачны суд, які нічога не вырашае. Колькі людзей ужо падавалі падобныя скаргі, і такое ўражаньне, што іх ніхто не разглядае, а проста зачытваюць рашэньні. Так што я нават і не шкадую, што спазьніўся, бо, што б я там не сказаў, усё роўна рашэньне было б аднолькавым.

За ўдзел у «маршах недармаедаў» у Гарадзенскай вобласьці 13 чалавек былі асуджаныя да арышту і 20 чалавек атрымалі розныя штрафы. Ніводная скарга, якую падавалі асуджаныя ў абласны суд, не была задаволеная.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG