Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрскі «дэсант» зь Беларусі паедзе да МВФ у Вашынгтон


Зь 19 па 21 красавіка беларуская дэлегацыя возьме ўдзел у вясновай сэсіі Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку ў Вашынгтоне (ЗША), паведамляе БелаПАН.

У склад дэлегацыі ўвойдуць міністры эканомікі, фінансаў і замежных спраў, а таксама старшыня Нацбанку. Чакаюцца сустрэчы з кіраўніцтвам МВФ і Ўсясьветнага банку, перамовы аб прадастаўленьні Беларусі крэдыту.

У сакавіку дэлегацыя МВФ знаходзілася зь візытам у Менску, сустракалася з Аляксандрам Лукашэнкам, але бакі не рабілі заяў па выніках перамоваў.

«Адным з ключавых момантаў была эканамічная і сацыяльная сытуацыя, абмяркоўвалася сыстэма сацыяльнай абароны для тых, хто больш за ўсё мае ў ёй патрэбу, — казаў пасьля перамоў у Менску афіцыйны прадстаўнік МВФ Джэры Райс. — Абмеркаваньні працягнуцца на вясновых сустрэчах у Вашынгтоне ў красавіку».

Вынікі 2016 году. Што адбываецца ў беларускай эканоміцы: каляпс ці часовыя цяжкасьці?

Перамовы аб крэдыце МВФ цягнуцца ад вясны 2015 году. Сёньня Беларусь разьлічвае атрымаць крэдыт МВФ на 3,5 млрд даляраў. Бюджэт Беларусі, як заяўляў міністар фінансаў Максім Ермаловіч, не супярэчыць чаканьням МВФ, засталося толькі «прыняць адпаведнае палітычнае рашэньне і ўвайсьці ў праграму».

Тым часам больш за 3 тысячы чалавек падпісалі ў інтэрнэце пэтыцыю з заклікам да МВФ не даваць крэдыту Беларусі ў сувязі з затрыманьнямі мірных дэманстрантаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG