Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле папярэдняй інфармацыі, большасьць туркаў на рэфэрэндуме падтрымалі пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта 


Падлік галасоў на выбарчым участку ў Турэччыне
Падлік галасоў на выбарчым участку ў Турэччыне

Завяршылася галасаваньне на рэфэрэндуме ў Турэччыне, на якім выбарнікі вырашалі пытаньне 18 зьменаў у Канстытуцыі краіны.

Менш чым праз дзьве гадзіны пасьля закрыцьця выбарчых участкаў былі падлічаны больш за палову бюлетэняў. Паводле выбарчых уладаў Турэччыны 57.5 працэнта выказаліся за пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта краіны Рэджэпа Эрдагана.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, яўка склала 86 працэнтаў ад зарэгістраваных выбарнікаў. Чакаецца, што канчатковыя вынікі абвесьцяць пазьней сёньня.​

Эрдаган галасуе на ўчастку ў Стамбуле
Эрдаган галасуе на ўчастку ў Стамбуле

Калі больш за 50% жыхароў Турэччыны скажуць «так», многія паўнамоцтвы парлямэнту пяройдуць да прэзыдэнта. Ён зможа прызначаць міністраў без адабрэньня парлямэнту, выдаваць указы, якія маюць сілу закону, абвяшчаць надзвычайнае становішча ды быць сябрам палітычнай партыі і прадстаўляць яе погляды.

Па сутнасьці, прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган атрымае права:

  • прапаноўваць бюджэт;
  • быць сябрам палітычнай партыі (цяпер прэзыдэнт абавязаны прытрымлівацца нэўтралітэту і ня мае права выказваць палітычныя погляды);
  • выдаваць указы, якія маюць сілу закону;
  • мяняць структуру міністэрстваў і дзяржустановаў;
  • распускаць парлямэнт;
  • абвяшчаць надзвычайнае становішча;
  • прызначаць большасьць вярхоўных судзьдзяў краіны;
  • прызначаць міністраў без адабрэньня парлямэнту.

Урэшце (і гэта, магчыма, самая галоўная зьмена), «так» абнуліць фармальныя тэрміны кіраваньня цяперашняга турэцкага прэзыдэнта. Гэта дазволіць Эрдагану застацца на пасадзе прэзыдэнта да 2029 году. З улікам таго, што ён быў абраны прэзыдэнтам у 2014 годзе, а да гэтага 11 гадоў быў прэм’ерам, гэта будзе азначаць, што ён зможа знаходзіцца ва ўладзе больш за 25 гадоў запар.

Прыхільнікі рэформы сьцьвярджаюць, што моцны прэзыдэнт адновіць неабходную стабільнасьць і ўмацуе Турцыю ў час, калі краіна сутыкаецца з унутранымі і вонкавымі пагрозамі бясьпекі. Ідэя рэформы і перадачы ўлады зьявілася неўзабаве пасьля спробы дзяржаўнага перавароту летам 2016 году.

Крытыкі рэформы лічаць, што зьмены ўмацуюць не саму краіну, а толькі ўладу Эрдагана.

Галоўны апазыцыянэр Кемаль Кылычдароглу заяўляў, што ў прапанаваных зьменах няма адэкватнай сыстэмы стрыманьняў і проціваг, што яны папахваюць аўтарытарызмам і ператвораць парлямэнт у кансультатыўны орган.

«Калі ў судовай сыстэмы няма незалежнасьці, калі выканаўчыя і заканадаўчыя органы могуць патрапіць пад кантроль прэзыдэнта, значыць, мы пазбаўляемся ад дэмакратыі», — казаў Кылычдароглу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG