Беларусь здолее пераадолець цяжкасьці, якія ўзьнікаюць, і гэты год стане пераломным.
Пра гэта кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў 16 красавіка падчас наведваньня царквы Праабражэньня Гасподняга ў горадзе Барань Аршанскага раёну.
«Мы ўсё можам і мы з гэтымі цяжкасьцямі, пра якія толькі што казалі (цяжкасьцямі больш за ўсё прыўнесенымі на нашу зямлю), справімся, пераадолеем. У нас няма іншага выйсьця. І гэты год будзе пераломным», — цытуе БелТА Лукашэнку.
Знаходзячыся ў праваслаўнай царкве, кіраўнік дзяржавы прапанаваў ад імя самай шматлікай рэлігійнай канфэсіі ў Беларусі паслаць прывітаньне і хрысьціянам-каталікам, якія таксама сьвяткуюць Вялікдзень у гэты дзень.
Аляксандар Лукашэнка запаліў сьвечку. У царкву ён прыехаў разам з малодшым сынам Мікалаем. Прадстаўнікі праваслаўнай царквы падарылі кіраўніку краіны абраз Аляксандра Неўскага.