Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне праходзіць рэфэрэндум па канстытуцыйнай рэформе


У Турэччыне сёньня адбываецца рэфэрэндум адносна паправак у канстытуцыю. Гаворка ідзе пра кардынальнае пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта, што зьменіць форму кіраваньня ў краіне з парлямэнцкай на прэзыдэнцкую рэспубліку.

Напярэдадні прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган яшчэ раз заклікаў грамадзян краіны падтрымаць прапанаваную ім рэформу.

Паводле апошніх апытаньняў, прыхільнікі Эрдагана крыху апярэджваюць яго праціўнікаў.

Апанэнты прэзыдэнта лічаць, што папраўкі ў канстытуцыю стануць яшчэ адным крокам на шляху да аўтарытарнага рэжыму ў Турэччыне, які і так ўзмацніўся пасьля спробы дзяржаўнага перавароту 15 ліпеня 2016 году. У выніку рэпрэсіяў былі арыштаваныя 40 тысяч чалавек, яшчэ 120 тысяч звольненыя і адхіленыя ад працы. Заходнія краіны крытыкуюць за гэта Эрдагана.

Калі больш за 50% жыхароў Турэччыны скажуць «так» на рэфэрэндуме, многія паўнамоцтвы парлямэнту пяройдуць да прэзыдэнта. Ён зможа прызначаць міністраў без ухваленьня парлямэнту, выдаваць указы, якія маюць сілу закону, абвяшчаць надзвычайнае становішча ды быць сябрам палітычнай партыі і прадстаўляць яе погляды.

Новая канстытуцыя можа дазволіць Рэджэпу Эрдагану заставацца ва ўладзе да 2029 году. Яна павялічвае прэзыдэнцкі тэрмін да пяці гадоў і дазваляе прэзыдэнту заставацца ва ўладзе два тэрміны запар. Калі папраўкі будуць прынятыя, а Эрдаган выйграе выбары у 2019 годзе, ён зможа застацца на пасадзе яшчэ на дзесяць гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG