Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган хоча паўнамоцтваў, як у Лукашэнкі: рэфэрэндум у Турэччыне


Рэджэп Таіп Эрдаган заклікае галасаваць «так» на канстытуцыйным рэфэрэндуме
Рэджэп Таіп Эрдаган заклікае галасаваць «так» на канстытуцыйным рэфэрэндуме

Калі больш за 50% жыхароў Турэччыны скажуць «так», многія паўнамоцтвы парлямэнту пяройдуць да прэзыдэнта. Ён зможа прызначаць міністраў без адабрэньня парлямэнту, выдаваць указы, якія маюць сілу закону, абвяшчаць надзвычайнае становішча ды быць сябрам палітычнай партыі і прадстаўляць яе погляды.

16 красавіка грамадзянам Турэччыны будзе зададзенае на рэфэрэндуме ўсяго адно, але вельмі важнае пытаньне: ці жадаюць яны прэзыдэнцкай сыстэмы кіраваньня ў сваёй краіне?

Калі больш за 50% удзельнікаў усенароднага галасаваньня адкажуць на яго «так», гэта, на думку экспэртаў, можа прывесьці да найважнейшых зьменаў у турэцкай палітыцы і сыстэме кіраваньня дзяржавай з моманту яе заснаваньня ў 1923 годзе.

Калі падсумаваць ўсе зьмены, то «так» азначае, што многія паўнамоцтвы турэцкага парлямэнту пяройдуць да прэзыдэнта. Пры гэтым замест прэм’ер-міністра зьявяцца віцэ-прэзыдэнты, якія будуць моцна залежаць ад прэзыдэнта і ня будуць валодаць тымі паўнамоцтвамі, якія сёньня мае прэм’ер.

Па сутнасьці, прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган атрымае права:

  • прапаноўваць бюджэт;
  • быць сябрам палітычнай партыі (цяпер прэзыдэнт абавязаны прытрымлівацца нэўтралітэту і ня мае права выказваць палітычныя погляды);
  • выдаваць указы, якія маюць сілу закону;
  • мяняць структуру міністэрстваў і дзяржустановаў;
  • распускаць парлямэнт;
  • абвяшчаць надзвычайнае становішча;
  • прызначаць большасьць вярхоўных судзьдзяў краіны;
  • прызначаць міністраў без адабрэньня парлямэнту.

Урэшце (і гэта, магчыма, самая галоўная зьмена), «так» абнуліць фармальныя тэрміны кіраваньня цяперашняга турэцкага прэзыдэнта. Гэта дазволіць Эрдагану застацца на пасадзе прэзыдэнта да 2029 году. З улікам таго, што ён быў абраны прэзыдэнтам у 2014 годзе, а да гэтага 11 гадоў быў прэм’ерам, гэта будзе азначаць, што ён зможа знаходзіцца ва ўладзе больш за 25 гадоў запар.

Прыхільнікі рэформы сьцьвярджаюць, што моцны прэзыдэнт адновіць неабходную стабільнасьць і ўмацуе Турцыю ў час, калі краіна сутыкаецца з унутранымі і вонкавымі пагрозамі бясьпекі. Ідэя рэформы і перадачы ўлады зьявілася неўзабаве пасьля спробы дзяржаўнага перавароту летам 2016 году.

Крытыкі рэформы лічаць, што зьмены ўмацуюць не саму краіну, а толькі ўладу Эрдагана.

Галоўны апазыцыянэр Кемаль Кылычдароглу заяўляе, што ў прапанаваных зьменах няма адэкватнай сыстэмы стрыманьняў і проціваг, што яны папахваюць аўтарытарызмам і ператвораць парлямэнт у кансультатыўны орган.

«Калі ў судовай сыстэмы няма незалежнасьці, калі выканаўчыя і заканадаўчыя органы могуць патрапіць пад кантроль прэзыдэнта, значыць, мы пазбаўляемся ад дэмакратыі», — сказаў Кылычдароглу.

Паводле апошніх апытаньняў, «за» зьбіраюцца прагаласаваць прыкладна столькі ж людзей, колькі і «супраць», а кожны шосты жыхар краіны яшчэ ня вызначыўся са сваёй пазыцыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG