Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква назвала памылковым ухваленьне Вашынгтонам уступленьня Чарнагорыі ў NATO


Сьцягі Чарнагорыі і NATO

Міністэрства замежных спраў Расеі заявіла, што ўхваленьне Злучанымі Штатамі заяўкі Чарнагорыі на ўступленьне ў NATO было «глыбока памылковым» рашэньнем, якое стварае раскол у Эўропе. Гэта «адлюстроўвае лёгіку супрацьстаяньня на эўрапейскім кантынэнце і стварае новыя лініі падзелу», — гаворыцца ў паведамленьні расейскага зьнешнепалітычнага ведамства 13 красавіка.

«Мы лічым курс на ўступленьне Чарнагорыі ў NATO глыбока памылковым, які ідзе прынцыпова супраць інтарэсаў людзей у гэтай краіне і наносіць шкоду стабільнасьці на Балканах і ў Эўропе ў цэлым», — сьцьвярджаюць у Маскве.

Насельніцтва разьмешчанай на ўзьбярэжжы Адрыятычнага мора Чарнагорыі складаюць пераважна праваслаўныя славяне, і Масква даўно лічыла гэтую краіну часткай сваёй сфэры ўплыву.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 11 красавіка падпісаў дакумэнт аб ратыфікацыі Злучанымі Штатамі пратакола аб уступленьні Чарнагорыі ў NATO, паведамілі ў Белым доме.

Такім чынам, да поўнага завяршэньня ратыфікацыі гэтага пратаколу ва ўсіх 28 цяперашніх краінах-сябрах NATO застаецца ўхваленьне Сэнату ў Гішпаніі і подпіс гішпанскага манарха. На сайце гішпанскага Сэнату паказана, што гэты разгляд павінен адбыцца не пазьней за 17 траўня.

Як чакаецца, пра атрыманьне Чарнагорыяй поўнага сяброўства ў Паўночнаатлянтычным зьвязе абвесьцяць на саміце NATO ў Брусэлі, які адбудзецца 24-25 траўня. Яна стане 29-м чальцом NATO.

Мінулай восеньню ў Чарнагорыі спынілі спробу дзяржаўнага перавароту з мэтай зрынуць празаходні ўрад і сарваць яе ўступленьне ў NATO, якую арганізоўвалі грамадзяне Расеі. Спачатку ў Падгорыцы лічылі, што ў гэтым ня варта вінаваціць непасрэдна Маскву, і пазьней стала вядома, што падазраваныя арганізатары зьвязаныя са спэцслужбамі Расеі; Масква працягвае адмаўляць сваю датычнасьць.

XS
SM
MD
LG