Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не пакідайце ж мовы нашай лацінскай! Алесь Жлутка пра пошукі Скарынавай магілы і лацінізацыю Беларусі


Алесь Жлутка

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі Алесь Жлутка — адзін зь вядучых беларускіх лаціністаў. Сёлета, у рамках падрыхтоўкі выданьня дакумэнтаў матэрыялаў, зьвязаных з жыцьцём і творчасьцю Францішка Скарыны, ён наведаў некалькі гарадоў Скарынавага шляху. Мы пагаварылі зь ім у нашай праскай рэдакцыі.

Таямнічы сакратар дацкага караля

Сяргей Шупа: Гэты год — унікальны, 6 жніўня спаўняецца 500 гадоў з дня выданьня Францішкам Скарынам у Празе першай беларускай друкаванай кнігі. Якраз з нагоды гэтай падзеі вы некалькі апошніх месяцаў працавалі ў розных гарадах Эўропы, дзе засталіся Скарынавы сьляды. Дзе бы пабывалі, што рабілі, што бачылі?

Алесь Жлутка: Пачалося гэтае падарожжа ўжо даўно — першым пунктам быў Ватыканскі архіў у Рыме. На сьлед аднаго з дакумэнтаў навёў мяне наш літаратар і перакладчык Антон Францішак Брыль. Ён даслаў мне аркуш з аднаго рукапіснага дакумэнта, папрасіў паглядзець яго і перакласьці на беларускую мову. Я спачатку не зьвярнуў увагі на дату, але пасьля ён напісаў мне: «Спадар Алесь, гляньце на дату гэтага дакумэнта». І праўда, дата на дакумэнце — за тры месяцы да абароны Скарынам доктарскай дысэртацыі ў Падуі (лістапад 1512)!

Дакумэнт мяне зацікавіў. Гэта была старонка зь дзёньніка папскага цырымонімайстра Парыса Грасі, дзе ён апісвае прыём папам Юліем ІІ трох дацкіх паслоў, і ад імя дацкай дэлегацыі да папы прамаўляе не названы па імені сакратар. Безумоўна, прамова на лацінскай мове, Парыс Грасі захапляецца ўзьнёсласьцю стылю, і ў прамове гэтай сакратар гаворыць пра тое, што да V Лятэранскага сабору, які быў скліканы папам Юліем ІІ і распачаўся 1 траўня 1512 году, гатовая далучыцца і Маскоўская дзяржава.

Калі супаставіць гэтыя даты, ёсьць падставы дапусьціць, што тым сакратаром, які прамаўляў да папы, быў Францішак Скарына, бо ў дакумэнтах доктарскай абароны ён якраз і названы сакратаром дацкага караля.

СШ: Такім чынам, вэрсія пра тое, што тая Datia — гэта Дакія — канчаткова адкідаецца?

АЖ: Гэтае пытаньне ўжо раней вырашыла наша дасьледніца Вольга Шутава. Якая цяпер працуе за мяжою. Яна вельмі падрабязна гэта дасьледавала, супаставіла ўсе за і супраць. Сапраўды, у антычнасьці і ў раньнім Сярэднявеччы тэрмін Datia ужываўся і ў дачыненьні да колішняй Дакіі. Але паколькі сам кароль Даніі ў тагачасных дакумэнтах пішацца толькі як rex Datiae, так пазначаецца Данія і на тагачасных мапах, якія былі выдадзеныя ў тым ліку і ў Падуі.

Скарына і Капэнгаген

СШ: А чаму сакратар дацкага караля расказвае папу пра магчымасьць удзелу ў саборы Маскоўскай дзяржавы? Што за «агент Крамля»? Які кантэкст за гэтым стаіць?

АЖ: Кантэкст такі, што тады ў Даніі былі ажыўленыя кантакты з Масковіяй. Яшчэ ў канцы XV стагодзьдзя Данія і Масковія заключылі дамову аб узаемадапамозе, у тым ліку вайсковай, скіраваную супраць Швэцыі. Рэч у тым, што Данія прэтэндавала на землі Швэцыі, а Масковія — на ўсходнія швэдзкія тэрыторыі, а таксама на Фінляндыю. Дамова гэтая была таксама накіраваная супраць Ганзейскага Зьвязу. Ганза трымала ў сваіх руках увесь рэгіянальны гандаль, і гэта не падабалася ні Масковіі, ні Даніі. Таму пастаянна падпісваліся такія дамовы праз мір і сяброўства.

З другога боку дацкі кароль падтрымліваў кантакты з Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім. Якраз у 1505 годзе, за год да заканчэньня Скарынам навучаньня ў Кракаве, была падпісаная такая дамова паміж каралём Даніі і каралём Польшчы, таксама ў 1506 г. адбыўся абмен пасламі, і магчыма Скарына мог патрапіць у Данію праз такія кантакты — бо ён на той час быў у Польшчы.

Вось такі сюжэт. Для таго, каб абараняцца ў Падуі, Скарына ўжо мусіў мець ступень доктара вызваленых навук. Паўстае пытаньне — дзе ён атрымаў гэтую ступень? Бо ў Кракаве ў 1506 годзе ён стаў толькі бакаляўрам. Дзе ён правёў шэсьць гадоў — паміж 1506 і 1512 — калі ён ня толькі стаў доктарам вызваленых навук, але атрымаў выдатныя веды і ў мэдыцыне? Бо ўсе экзамэнатары ў Падуі былі ўражаныя ягонымі ведамі, пры абароне ён не атрымаў ніводнага голасу супраць.

І напрошваецца такая гіпотэза — пра гэта гаварылі і раней — што хутчэй за ўсё гэтыя гады ён правёў у Капэнгагене. Ад 1479 году там ужо існаваў унівэрсытэт з чатырма факультэтамі, у тым ліку мэдыцынскім. Скарына мог навучацца там.

Садоўнік Франчэска

СШ: Здаецца, за ўсю гісторыю скарыназнаўства, знойдзеныя ўжо ўсе магчымыя біяграфічныя зьвесткі пра Скарыну. Якія былі самыя важныя або нечаканыя адкрыцьці апошніх дзесяцігодзьдзяў?

АЖ: Найперш гэта разьвянчаньне міту пра «падвойнае» імя Скарыны — Георгі-Францішак. Ён быў разьвеяны дасьледаваньнем Георгія Галенчанкі, які адкрыў копію таго дакумэнта, дзе Скарына памылкова быў названы «Georgius» замест «egregius». Знайшлася першая, самая дакладная копія гэтага дакумэнта, дзе ніякага Георгія няма.

Калі браць апошнія гады, цікавымі падаюцца дасьледаваньні праскіх навукоўцаў Ільлі Лямешкіна і Пётра Войты...

СШ: Ці меў Скарына вусы?

АЖ: Ня толькі гэта. Так, напрыклад, Ільля Лямешкін знайшоў дадатковыя сьведчаньні пра сына Скарыны Сымона. Ён знайшоў пару згадак пра Сымона пазьнейшага часу, чым у ранейшых публікацыях. А Пётар Войта ідэнтыфікаваў пэрсанажы, якія фігуруюць на Скарынавых гравюрах у выдадзеных ім кнігах Бібліі. На пярэднім пляне ў гравюрах выступаюць пэрсанажы, зь якімі Скарына непасрэдна сутыкаўся.

Удакладніліся таксама зьвесткі пра «італьянскага садоўніка Франчэска». Ільля Лямешкін прыводзіць дадатковыя аргумэнты на карысьць таго, што ім і быў Францішак Скарына. У дакумэнце 1552 году — лісьце караля Фэрдынанда І аб спадчыне па Скарыну — ён названы каралеўскім садоўнікам, і ягоны сын, сын «нашага садоўніка», ідэнтыфікуецца там як Сымон Рус. Як выглядае, садоўнік у каралеўскім садзе ў Празе быў адзін, і ім быў Францішак Скарына.

Чэскі Крумлаў
Чэскі Крумлаў

Дзе шукаць Скарынаву магілу

СШ: Куды вядуць далей сьляды Сымона Руса?

АЖ: Скарынаў сын, паводле дакумэнтальных і хранікальных сьведчаньняў, быў лекарам у сьвятара ў Чэскім Крумлаве, а таксама садоўнікам у Індржыхавым Градцы — гарадах на поўдні Чэхіі.

СШ: Што трэба шукаць і што можна знайсьці ў тамтэйшых архівах?

АЖ: Найбольш матэрыялаў захоўваецца ў Дзяржаўным рэгіянальным архіве ў Тршэбані. Туды сабраныя матэрыялы з усяго рэгіёну, куды ўваходзяць і Індржыхуў Градэц, і Чэскі Крумлаў. Каштоўнасьць гэтага архіву ў тым, што ён дзейнічаў бесьперапынна ад самага свайго заснаваньня, і матэрыялы зь яго нікуды не зьнікалі — там не было ні войнаў, ні пажараў. Гэта дае надзею, што там могуць быць матэрыялы, зьвязаныя са Скарынам.

СШ: Праблема ў тым, што матэрыялаў шмат і проста цяжка фізычна ўсё перагледзець?

АЖ: Так, праблема яшчэ ў тым, што яны не былі цалкам апісаныя, і праца ў гэтым кірунку вядзецца якраз цяпер. Ёсьць спадзевы, што там могуць знайсьціся зусім невядомыя матэрыялы, якія маюць дачыненьне да Скарыны

СШ: Калі мы ўжо ведаем, дзе жыў і працаваў Скарынаў сын — якія шанцы знайсьці месца пахаваньня самога Скарыны?

АЖ: Выказваліся дзьве вэрсіі наконт таго, дзе мог скончыць свае дні Францішак Скарына. Гэта або Прага, або мясьціны, дзе жыў ягоны сын. Было нават меркаваньне, што і сам Скарына мог працаваць у тых мясьцінах. Сам сын апошні раз згадваецца ў дакумэнтах як жывы пад 1593 годам — тады яму было больш за 60 гадоў.

З Аляксандрам Лукашуком
З Аляксандрам Лукашуком

Якімі мовамі пісалася беларуская гісторыя

СШ: Вы згадалі, што неназваны па імені сакратар, якім мог быць Скарына, прывёў папскага цырымонімайстра ў захапленьне стылем сваёй лаціны. Вось жа, лаціна была адной з моваў, якімі пісалася хроніка беларускай гісторыі. Пачыналася пісьменства з стараславянскай, якая з царкоўнага ўжытку пашырылася на грамадзкі, тады яе з грамадзкага ўжытку паступова выцесьніла старабеларуская, пасьля — з пашырэньнем польскага ўплыву — прыйшла лацінская, а пасьля і польская мова. Пасьля, з далучэньнем да Расеі, прыйшла расейская, і ўрэшце адрадзілася беларуская. Убаку яшчэ застаецца іўрыт, на якім напісана шмат старонак гісторыі беларускай зямлі, дагэтуль пераважна гермэтычнай, непрачытанай, неразгаданай — але гэта асобная тэма.

Але вернемся да лаціны. З усіх згаданых моваў яна ў Беларусі застаецца самая «чужая» і невядомая. Вось колькі беларускіх гісторыкаў могуць без староньняй дапамогі чытаць лацінскія дакумэнты па беларускай гісторыі?

АЖ: Ну, думаю, зь дзясятак можа быць...

СШ: Ці гэтага дастаткова для паўнацэннага вывучэньня нашай старой гісторыі?

АЖ: Малавата. Наша сыстэма адукацыі сёньня не рыхтуе спэцыялістаў па сярэднявечнай гісторыі. Зь веданьнем мовы — ня толькі лаціны, а, скажам, і старанямецкай — у нас праблемы.

Этапы лацінізацыі Беларусі

СШ: Мы яшчэ вернемся да сыстэмы адукацыі. А зараз зазірнем у гісторыю — калі лацінская мова прыйшла ў Беларусь, або дакладней — у Вялікае Княства Літоўскае?

АЖ: Паколькі праз Полацак — па Дзьвіне ішлі важныя гандлёвыя шляхі, я думаю, што першыя кантакты з лацінай трэба было б шукаць там. Тыя шляхі зьвязвалі Полацак і з Рыгаю, і з ганзейскімі гарадамі, таму там лаціна была запатрабаваная. Першы дакумэнт, які дайшоў да нас — хоць у міждзяржаўных і гандлёвых стасунках лаціна напэўна ўжывалася і раней — грамата, выдадзеная рыскім біскупам князю Герцыке Ўсеваладу ў 1209 годзе.

Пасьля, ужо ў ХІІІ стагодзьдзі, у нас пісаліся і выдаваліся дакумэнты пры княскіх дварах. Але найбольш лаціна пачала пашырацца пасьля «Ягайлавага хросту» ў 1387 годзе. Тады адбыўся хрост паганскага насельніцтва Беларусі паводле лацінскага абраду. З гэтага часу пачалі засноўвацца школы: была заснаваная катэдральная школа ў Вільні і школы пры парафіяльных касьцёлах. У парафіяльных школах лаціна пачала вывучацца ўжо як мова патрэбная ў богаслужэньні і для набыцьця першапачатковых ведаў, зь якімі вучні парафіяльных школ маглі паступаць у школу вышэйшага ўзроўню — катэдральную школу ў Вільні.

СШ: Выкладаньне ў катэдральнай школе вялося на лаціне?

АЖ: Безумоўна.

СШ: Значыць, студэнты мусілі прыходзіць ужо падрыхтаваныя, каб атрымліваць адукацыю...

АЖ: Сыстэма была наладжаная так, што пачатковыя веды здабываліся ў парафіяльных школах і ад дарэктараў.

СШ: Ці шмат было такіх парафіяльных школаў на беларускіх землях?

АЖ: Парафіяў пры Ягайле было створана толькі некалькі, але пасьля іх колькасьць расьце, і ў XV стагодзьдзі існавала ўжо цэлая сетка такіх школаў.

Пасьля, па меры таго, як у краіну пачалі прыходзіць каталіцкія ордэны — больш-менш у XV стагодзьдзі — пачалі засноўвацца школы пры адпаведных місіях. Францішканцы і дамініканцы пранікалі і раней, але пра гэта вядома няшмат. Вядома толькі, што ў ХІІІ ст. дамініканцы і францішканцы былі ў Наваградку і ў Вільні.

«Хто ня ўмее па лаціне — мусіць пасьвіць сьвіньні»

СШ: Значыць, першапачаткова лаціна абслугоўвала пераважна дыпляматычныя і рэлігійныя патрэбы. Калі яна пачала ўжывацца ва ўнутрыдзяржаўным справаводзтве?

АЖ: Пачынаючы ад Крэўскай вуніі 1385 году лаціна пачынае ўжывацца і ў справаводзтве.

СШ: Ну і адукацыя. Ці гэтым сфэра бытаваньня лацінскай мовы на беларускіх землях і абмяжоўвалася? Ці выходзіла яна за «каталіцкія межы»?

АЖ: Ну, па-першае, лаціна вельмі актыўна ўжывалася ў судах. Пра гэта сьведчыць вялікая колькасьць судовых кніг, якія захаваліся да сёньня. Нават калі перагледзець Гістарычны слоўнік беларускай мовы, мы знойдзем там вялікую колькасьць тэрмінаў, якія цалкам узятыя з лаціны.

СШ: Пазьней лаціну шмат дзе выцесьніла польская мова, але лаціна засталася мовай адукаваных людзей...

АЖ: Скажам так: на сярэдзіну XVIII стагодзьдзя лаціна надалей была ў шырокім ужытку. Па-першае, была вельмі разьвітая сыстэма адукацыі — перш за ўсё дзякуючы езуітам. На той час — к сярэдзіне XVIII стагодзьдзя — на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі існавала 17 толькі езуіцкіх навучальных установаў, 10 зь якіх былі вышэйшага ўзроўню, г. зн. з навучаньнем тэалёгіі, якая заўсёды залічалася да найвышэйшай ступені адукацыі.

Езуіцкія выкладчыкі выкладалі і ва ўніяцкіх школах пры базыльянскіх кляштарах.

Лаціна ўжывалася ў касьцёлах, у судах, нават у прыватнай перапісцы. Шляхта, якая лічыла сябе нашчадкамі Палямона, успрымала лаціну як сваю мову. Таму на нашых тэрыторыях лаціна трымалася даўжэй, чым на польскіх землях. Калі ў 1773 годзе адбывалася касацыя езуіцкага ордэну на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, адукацыйную справу пачалі браць на сябе іншыя каталіцкія ордэны. Тады была ўведзеная ў дзеяньне адукацыйная сыстэма Канарскага, навучаньне ў школах мелася быць пераведзенае на польскую мову, і вось шляхта на тэрыторыі ВКЛ супраціўлялася гэтай моўнай зьмене.

СШ: Ну так, унукі Палямона...

АЖ: Так што лаціна на нашых землях была папулярная і запатрабаваная. Была нават прымаўка: «Хто ня ўмее па лаціне — мусіць пасьвіць сьвіньні».

Канспэкт вучня езуіцкага калегіюму
Канспэкт вучня езуіцкага калегіюму

Літаратура, фальклёр, гумар

СШ: Што можна сказаць пра лацінскамоўную літаратуру на беларускіх землях? Узьнікненьне, узьлёт, заняпад, найяскравейшыя творы?

АЖ: Перш за ўсё Мацей Казімір Сарбеўскі. Пасьля «найэлегантнейшы з паэтаў» — Міхал Карыцкі, чый зборнік паэзіі выйшаў пасьмяротна ў Полацку ў 1817 годзе.

СШ: Чаму яны сёньня фактычна забытыя? У Літве іх творы выдаюцца, у кнігарнях цэлыя паліцы, а ў Беларусі...

АЖ: Ну, у нас таксама выдаваліся і выдаюцца. Ня так даўно Жана Некрашэвіч выдала «Прускую вайну» Яна Вісьліцкага з факсымільным тэкстам і перакладам на беларускую мову. Пастаянна выдаецца і перавыдаецца Гусоўскі, існуе ўжо некалькі перакладаў «Песьні пра зубра», у тым ліку і сьветлай памяці Ўладзімера Шатона.

СШ: Ці існаваў у Беларусі нейкі лацінскі фальклёр — гумар, жарты, прымаўкі, вершы?

АЖ: Яшчэ й да сёньня захаваліся жарты з старых часоў накшталт: прыяжджае да бацькі ў вёску сын, вучань нейкай, можа, езуіцкай установы. Бацька пытаецца: «Ну, сынку, чаму ты там навучыўся?» Той кажа: «Ну вось, навучыўся на лаціне гаварыць». Бацька: «Ну як па лаціне вілы?» Сын, доўга ня думаючы, кажа: «Вілантус». А бацька: «Ну дык бяры вілантус і кідай гнаянтус на вазантус!»

Калі я працаваў з школьнымі сшыткамі, дзе вялі запісы студэнты езуіцкіх навучальных установаў, даводзілася сутыкацца зь цікавымі надпісамі. Запомнілася такое: Hic liber est meus, testis est Deus, qui illum capiat, diabolus rapiat! Гэтая кніжка мая, Бог сьведка, хто яе скрадзе, таго няхай д’ябал схопіць!

Таксама бытаваў фальклёр у шырокім асяродзьдзі, у тым ліку сярод клеру. Напрыклад, расказваюць такі жарт. Жылі два манахі і ўвесь час спрачаліся пра той сьвет — як ён выглядае. Адзін увесь час пытаўся: Qualiter? Як там? Другі адказваў: Taliter. А так. Так яны спрачаліся, і вось той другі памірае. І прысьніўся першаму, і ён зноў пытаецца: Qualiter? А той адказвае: Totaliter aliter! Зусім інакш.

Апавядаюць цікавы выпадак зь пінскай езуіцкай сэмінарыяй. Вучыўся там адзін клерык і нечым правініўся. І рэктар «аправіў яму хрыбет у лапу». У езуітаў вельмі рэдка ўжывалася фізычнае пакараньне, і калі каралі, то запрашалі некага звонку. Дык пакараны навучэнец — а прозьвішча ў яго было Канон — пакрыўдзіўся і напісаў у рэктара на дзьвярах пэнтамэтрам: Corrigitur canon, vae tibi, Roma sciet! Выпраўляецца канон (або: караецца Канон), гора табе, Рым даведаецца! (Бо канон — гэта яшчэ і сталая частка Імшы, якую нельга выпраўляць).

Заняпад...

СШ: Калі лацінская мова ў Беларусі заняпала? Калі пачалася «сёньняшняя сытуацыя»?

АЖ: Першым ударам была касацыя Езуіцкага ордэну, пасьля ліквідацыя каталіцкіх кляштараў на тэрыторыі Беларусі. Ну а другі — сьмяротны — удар прыйшоў з бальшавіцкай рэвалюцыяй, калі зьніклі клясычныя гімназіі.

СШ: Наколькі выпускнік клясычнай гімназіі царскіх часоў быў падрыхтаваны, каб чытаць па-лацінску?

АЖ: Думаю, ня горш, чым выпускнікі сёньняшніх унівэрсытэтаў... Але гэтая сыстэма была ўзятая якраз зь езуіцкай адукацыі, а пазьней на яе ўплывала адукацыйная сыстэма Нямеччыны, якая ў прынцыпе, таксама шмат у чым базавалася на езуіцкай.

СШ: Значыць, калі ў 1921 годзе, пасьля сямі гадоў Першай сусьветнай вайны і ўсіх расейскіх рэвалюцый і пераваротаў, Беларусь ачулася да жыцьця, ніякай лаціны там ужо не было? І як доўга працягваўся такі стан?

АЖ: Лаціна яшчэ фрагмэнтарна выкладалася на філфаках і гістфаках і ў спэцыяльных мэдычных навучальных установах. Але гэта былі ўжо вельмі вузкія колы. Нават тую сотню крылатых лацінскіх выслоўяў, якім вучылі на тых факультэтах, іх выпускнікі потым часта ўжывалі з памылкамі...

...і адраджэньне

СШ: Ці назіраецца хоць якое паляпшэньне ў выкладаньні лаціны за апошнія дзесяцігодзьдзі? У параўнаньні з савецкім часам?

АЖ: На пачатку 1990-х гадоў былі створаныя катэдры клясычнай філялёгіі ў БДУ і ў Гарадзенскім унівэрсытэце. Аднак дзеля таго, што выпускнікі пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту ня могуць знайсьці сабе працы, бо лаціна не выкладаецца ў сярэдніх навучальных установах, сытуацыя застаецца складаная. Наколькі я ведаю, прыём на аддзяленьні клясычнай філялёгіі адбываецца раз на пяць гадоў. Паводле дыплёма яны атрымліваюць паралельна іншую спэцыяльнасьць, у БДУ гэта расейская філялёгія.

СШ: А чым выпускнікі клясычнай філялёгіі ўвогуле займаюцца? Куды тыя пяць чалавек раз на пяць гадоў урэшце трапляюць?

АЖ: Некаторыя выкладаюць ва ўнівэрсытэтах — напрыклад, у БДУ, у Лінгвістычным унівэрсытэце. З гарадзенскіх пару чалавек апынуліся за межамі Беларусі. Адна дзяўчына цяпер у Польшчы і ўдзельнічае ў праекце дасьледаваньня антычнай спадчыны ў літаратуры і пісьмовасьці, заснаваным яшчэ прафэсарам Аксэрам. Адна выпускніца Беларускага гуманітарнага ліцэю, вучаніца Ўладзімера Шатона, працуе ва Ўроцлаве, нядаўна яна абараніла доктарскую дысэртацыю і выкладае там лаціну як жывую мову.

СШ: Лаціна як жывая мова, latina viva — ці ў Беларусі калі-небудзь былі спробы завесьці такую моду на лаціну як мову штодзёншчыны?

АЖ: Былі і, спадзяюся, яшчэ будуць. Была задума стварыць такі гурток, але пакуль што рукі да гэтага не дайшлі. Мяне, напрыклад, ўвесь час падбівае на гэта адзін мой добры сябра, думаю, што можна будзе знайсьці яшчэ 4-5 чалавек.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG