Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі абяцае скасаваць міграцыйную карту для іншаземцаў


Грамадзяне замежных краінаў, якія хочуць наведаць Беларусь, сёньня павінны запаўняць міграцыйную карту.

Аднак неўзабаве неабходнасьць у гэтай працэдуры адпадзе. Пра гэта заявіў сёньня на брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі прэсавы сакратар міністэрства Дзьмітры Мірончык. Ён сказаў, што гэта адзін з вынікаў пасяджэньня міжведамаснай рабочай групы Беларусі і Расеі, якое прайшло ў Горадні. Пасьля таго, як гэтую навацыю ратыфікуе Нацыянальны Сход Беларусі, яна ўступіць у сілу.

Спадар Мірончык патлумачыў, што пасьля гэтага міграцыйную карту будуць запаўняць толькі тыя іншаземцы, якія едуць празь Беларусь транзытам у Расею. Тыя ж, хто ўяжджае выключна ў Беларусь, ад гэтай працэдуры пазбавяцца.

Спадар Мірончык зьвярнуў таксама ўвагу на тое, што ўрад Беларусі выдаў 6-га красавіка пастанову, якая дазваляе дашліфоўваць некаторыя моманты пры наведваньні грамадзянамі замежных краінаў Беларусі. У прыватнасьці, пашыраныя паўнамоцтвы супрацоўнікаў Галоўнага консульскага ўпраўленьня Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

«Гэта вельмі важная рэч, — лічыць афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі. — Рэч у тым, што менавіта гэтая структура займалася выдачай візаў для наведваньня Беларусі ў нацыянальным аэрапорце Менск-2. Як вядома, цяпер грамадзяне замежных краінаў, якія хочуць наведаць Беларусь цягам 5 дзён, могуць зрабіць гэта, не зьвяртаючыся па візу, а вырашыць усе пытаньні ў аэрапорце. Аднак бывалі выпадкі, калі чалавек памыляўся — напрыклад, замест 5 дзён разьлічваў свой маршрут на 6 дзён. У такіх выпадках мы мусілі, як той казаў, разьвярнуць гэтага чалавека і адправіць яго назад, за мяжу. Цяпер пасьля дзеяньня новай пастановы консульскія супрацоўнікі атрымалі права прадоўжыць гэтым іншаземцам знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі, напрыклад, яшчэ на адны суткі і не псаваць паездку».

Ну думку спадара Мірончыка, гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь сапраўды зацікаўленая ў тым, каб колькасьць іншаземцаў, якія наведваюць нашу краіну, узрастала.

Апрача таго, калі раней для атрыманьня візавай падтрымкі замежнікі мусілі прад’яўляць выключна арыгіналы неабходных дакумэнтаў, то цяпер яны могуць падаваць і копіі.

XS
SM
MD
LG