Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тылерсан: адносіны ЗША і Расеі знаходзяцца ў найніжэйшай кропцы


Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан заявіў, што сучасны стан расейска-амэрыканскіх адносінаў знаходзіцца ў самай нізкай кропцы і адзначаны нізкім узроўнем даверу.

Тылерсан выступіў на сумеснай прэс-канфэрэнцыі па выніках перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным і кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым.

Паводле Тылерсана, дзьве ядзерныя дзяржавы не павінны знаходзіцца ў такіх адносінах. Дзяржсакратар адзначыў, што Маскве і Вашынгтону будзе складана наладзіць дыялёг да ўсталяваньня міру на ўсходзе Ўкраіны.

Тылерсан запэўніў, што Расея і ЗША дамовіліся пра шляхі ўзаемадзеяньня ў Сырыі. Пры гэтым, удакладніў дзяржсакратар, у Вашынгтоне ўпэўненыя, што рэжым сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада, які падтрымлівае Масква, вінаваты ў хімічнай атацы на правінцыю Ідліб. Паводле Тылерсана, дзеяньні сырыйскага ўраду могуць разглядацца як ваеннае злачынства.

Ён адзначыў, што кіраваньне сямʼі Асада падыходзіць да канца і Расея, як блізкі саюзьнік, можа дапамагчы Асаду ўсьвядоміць гэтую рэальнасьць. «Мы ня думаем, што міжнародная супольнасьць прыме магчымасьць таго, што Асад або члены яго сямʼі застануцца ва ўладзе», — сказаў кіраўнік амэрыканскага зьнешнепалітычнага ведамства.

Раней на прэс-канфэрэнцыі міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў падкрэсьліў, што, нягледзячы на цяжкасьці, у Расеі і ЗША вялікі патэнцыял у пытаньнях супрацоўніцтва. Лаўроў лічыць, што перамовы зь дзяржсакратаром ЗША Рэксам Тылерсаном у Маскве былі «істотнымі» і «вельмі адкрытымі», і што супрацоўніцтва паміж ЗША і Расіяй прынясе карысьць усяму сьвету. Лаўроў таксама абвінаваціў краіны Захаду ў спробах падарваць дыялёг ЗША і Расеі.

XS
SM
MD
LG