Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы бачым публічныя спробы нас зьнішчыць». Інтэрвію з кіраўніком антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны


Арцём Сытнік
Арцём Сытнік

Нацыянальнаму антыкарупцыйнаму бюро Ўкраіны (НАБУ) спаўняецца два гады. Стварэньне гэтага ведамства ў 2015 годзе ўкраінскія ўлады прадставілі як выкананьне аднаго з ключавых патрабаваньняў Рэвалюцыі Годнасьці.

Стварыць НАБУ, а заадно цэлую сетку дзяржаўных службаў, якія павінны змагацца з шматлікімі злоўжываньнямі і крадзяжом ва ўладзе, патрабавалі ня толькі актывісты. Зладжаная, бесьперашкодная праца антыкарупцыйных органаў — умова многіх заходніх донараў Украіны, у тым ліку МВФ.

За два гады свайго існаваньня НАБУ як галоўнае антыкарупцыйнае ведамства правяло некалькі рэзанансных расьсьледаваньняў. Але асноўная маса справаў так і не дайшла да судоў. Паводле зьвестак самога НАБУ, украінскае правасудзьдзе разглядае і даводзіць да канца толькі кожную трэцюю справу аб карупцыі. Прычына — сыстэмнае супрацьдзеяньне з боку ўкраінскіх дзяржаўных дзеячаў. Пра тое, што і хто замінае змагацца з карупцыяй ва Ўкраіне, кіраўнік НАБУ Арцём Сытнік распавёў Свабодзе.

РС: Ці можна пазначыць тры галоўныя карупцыйныя пагрозы Ўкраіны, зь якімі вам давядзецца змагацца? Вельмі агульнае пытаньне.

Арцём Сытнік: Першая карупцыйная пагроза — гэта карупцыя на дзяржпрадпрыемствах. Карупцыя на дзяржпрадпрыемствах — аснова для палітычнай карупцыі. Кожны раз, калі ў нас праходзяць выбары, ідзе дзяльба дзяржпрадпрыемстваў. Зь іх высмоктваюць праз карупцыйныя схемы грашовыя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для палітычнай карупцыі.

Другое — гэта карупцыя ў судах. Яна нясе пагрозу ня толькі простым грамадзянам, але і падрывае клімат для інвэстараў, спрыяльны клімат, таму карупцыя ў судах — гэта тое, што для нас з самага пачатку было прыярытэтам. І трэцяе — гэта карупцыя ў праваахоўных органах. Калі ёсьць карупцыя ў праваахоўных органах, тады нашы грамадзяне ня могуць атрымаць абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў.

РС: А дзе больш за ўсё вам цяпер даводзіцца шукаць і выяўляць гэтую карупцыю з трох гэтых кірункаў?

Арцём Сытнік: Мы працуем па ўсіх напрамках, і наша апошняе расьсьледаваньне якраз тычыцца ўсіх трох сфэраў. Мы пэрыядычна выяўляем судзьдзяў, якія займаюцца карупцыяй, мы правялі затрыманьне топ-мэнэджменту практычна ўсіх вялікіх дзяржаўных кампаній. Напрыклад, нядаўна затрымалі двух работнікаў Службы бясьпекі Ўкраіны, якія патрабавалі хабар 50 тысяч даляраў ад прадпрымальніка за тое, каб проста не перашкаджаць яму ажыцьцяўляць гэтую прадпрымальніцкую дзейнасьць.

РС: Як вы лічыце, Служба бясьпекі Ўкраіны зьмянілася за апошні год у лепшы або горшы бок?

Арцём Сытнік: На жаль, наша Служба бясьпекі мае падразьдзяленьні, праца якіх не зьяўляецца спэцыфікай працы спэцслужбы. Калі мы гаворым пра контрвыведку і выведку, то я лічу, што пад кіраўніцтвам шэфа СБУ Грыцака менавіта ў тым, што тычыцца працы спэцслужбы, зроблены вельмі вялікі прагрэс: процідзеяньне і дывэрсійным групам, і правядзеньне іншых мерапрыемстваў, якія ўласьцівыя спэцслужбе. Мы маем аддзел К, то бок дэпартамэнт па барацьбе з карупцыяй і дэпартамэнт па абароне эканомікі. На жаль, гэтыя падразьдзяленьні, яны…

РС: Іх увогуле не павінна быць?

Арцём Сытнік: Я лічу, што так. І, наколькі я ведаю, цяперашні кіраўнік Службы бясьпекі таксама лічыць, што гэтыя падразьдзяленьні не ўласьцівыя спэцслужбе.

РС: Чаму ў НАБУ няма сродкаў або сіл, або рэсурсу займацца сыстэмна ўсімі напрамкамі так, каб пасьлядоўна народ дазнаваўся аб тым, што вось дэпутаты злодзеі, вось судзьдзі, вось СБУшнікі?

Арцём Сытнік: Мы спрабуем гэта рабіць. Усімі гэтымі расьсьледаваньнямі, пра якія мы можам расказваць гадзінамі, займаюцца ўсяго толькі 150 чалавек. Для параўнаньня: я нядаўна быў у камандзіроўцы ў Львоўскай вобласьці і там бачыў будынак СБУ, 700 чалавек. Гэта толькі на адну вобласьць. А ў нас цяпер 560 на ўсю краіну. І я лічу, што каэфіцыент карыснага дзеяньня той маленькай каманды, якая ў нас ёсьць, проста вар’яцкі. Нас зараз вельмі-вельмі многія баяцца.

Мы бачым публічныя спробы нас зьнішчыць, нейкія арэлі з аўдытарамі, іншыя нейкія заканадаўчыя працэсы, якімі спрабуюць пазбавіць нас паўнамоцтваў. Наша маленькая каманда паказала прагрэс, які цяпер сустракае вельмі велізарны супраціў.

РС: Вось вы сказалі пра падпольную працу, у тым ліку ўспомнілі аўдытараў. А хто канкрэтна перашкаджае? Бо тут мы выходзім на вельмі высокія кабінэты, атрымліваецца. Уся гісторыя з аўдытарамі, за якой мы сочым, — гэта наогул адкуль?

Арцём Сытнік: Гэта кансалідацыя намаганьняў прадстаўнікоў палітычнай эліты, якая проста не гатовая жыць пры незалежным антыкарупцыйным органе. З іншага боку, мы бачым, што нейкія спробы часам выглядаюць сьмешна і проста не атрымліваюцца. Таму мы ідзем далей. Мы на гэта мала зьвяртаем увагі. Проста канстатуем, што ўзрастаньне ўзроўню супраціву — гэта якраз паказьнік таго, што мы рухаемся ў правільным кірунку.

Цалкам чытаць размову тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG