Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску завочна асудзілі журналістаў Вольгу Чайчыц і Андрэя Козела


У Віцебску на акцыю ў Дзень Волі выйшла больш за 150 чалавек

Менскіх журналістаў затрымалі ў Віцебску ў Дзень Волі — пасьля таго як яны правялі жывую відэатрансьляцыю са сьвяткаваньня.

Разам зь віцяблянамі яны прайшлі па вуліцы Леніна ад плошчы Перамогі да помніка Ўладзімеру Караткевічу. Неўзабаве пасьля гэтага абаіх затрымалі. Амаль тры гадзіны Вольга Чайчыц і Андрэй Козел правялі ў Кастрычніцкім РАУС. На абаіх склалі пратаколы аб парушэньні парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ (паводле артыкула 22.9 КаАП) — за працу без акрэдытацыі на замежны СМІ.

У суд 11 красавіка журналісты не прыехалі. Судзьдзя Кастрычніцкага суду Ўладзімер Царыкаў пастанавіў пакараць Вольгу Чайчыц і Андрэя Козела штрафамі. Гэта ён пацьвердзіў у размове зь віцебскімі прадстаўнікамі незалежных выданьняў. Аднак памеру штрафаў не назваў: сказаў, што пастанову ў пісьмовым выглядзе пакараныя атрымаюць па пошце.

Сёньня ж у Кастрычніцкім райсудзе Віцебску пачаўся судовы працэс над праваабаронцам Паўлам Левінавым. Яго затрымалі 26 сакавіка падчас віцебскай акцыі пратэсту супраць Дэкрэту № 3 і склалі пратакол паводле артыкула 23.34 за парушэньне парадку і правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Дзень Волі. Празь некалькі гадзін пасьля затрыманьня праваабаронца трапіў у шпіталь з падвышаным ціскам і дагэтуль праходзіць курс лекаваньня ў кардыялягічным аддзяленьні. Судзьдзя Іна Грабоўская сказала, што працяг судовага разбору адбудзецца 17 красавіка, бо праваабаронца выказаў жаданьне прысутнічаць на судзе асабіста, як толькі дазволіць здароўе.

Усяго за ўдзел у сьвяткаваньнях Дня Волі ў Віцебску затрымалі і асудзілі больш як 10 чалавек — гэта актывісты, праваабаронцы, журналісты і проста грамадзяне.

XS
SM
MD
LG