Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба сядаць за стол перамоваў», — мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч


Тадэвуш Кандрусевіч

На прэс-канфэрэнцыі 11 красавіка мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пракамэнтаваў сытуацыю вакол дэкрэту № 3 «аб дармаедах».

«Існуе праблема, як усіх забясьпечыць працай. Быў загад, каб да 1 траўня ўсе працаўладкаваліся. Ці здолеюць усе знайсьці працу? Да гэтага пытаньня трэба падыходзіць вельмі сурʼёзна, бо закранаюцца лёсы людзей. Хацелася б, каб у Беларусі панаваў спакой. І да гэтага я заклікаю ўсе бакі напярэдадні чарнобыльскага дня і абвешчаных новых дэманстрацый», — цытуе catholic.by мітрапаліта Кандрусевіча.

Кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі сказаў, што пра дэманстрацыі і наступствы публічных пратэстаў супраць дэкрэту № 3 ён даведаўся, калі вяртаўся з ЗША, праглядаючы навіны ў інтэрнэце.

«Мне стала горка за краіну, і я вырашыў зьвярнуцца са сваім заклікам да ўсіх бакоў. З усіх бакоў павінны быць цывілізаваныя мэтады вырашэньня праблем. Трэба сядаць за стол перамоваў. Я і сёньня да гэтага заклікаю. Бо толькі за сталом перамоў усіх зацікаўленых бакоў ёсьць шанс вырашыць гэтую праблему. Дзякую Богу, што ўлады таксама заўважаюць гэта. Заўважаюць, што Дэкрэт № 3 аб „дармаедах“ патрабуе правак», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён дадаў, што дзеля вырашэньня праблемы можа быць скарыстана міжнародная практыка.

«Усім вядома, што трэба плаціць падаткі. Аднак, магчыма, трэба вывучаць і міжнародную практыку. У нас аднолькавы падатак для ўсіх — для бедных і для багатых. А наколькі я ведаю, шмат у якіх краінах сьвету ёсьць дыфэрэнцыяцыя: багатыя плацяць больш, чым бедныя».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG