Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалены з турмы Павал Белавус прапанаваў арганізаваць «Акрэсьцін-party»


Сябры, аднадумцы, калегі сустрэлі пад турмой на Акрэсьціна дырэктара «Арт-сядзібы» Паўла Белавуса. Ён быў затрыманы на Кастрычніцкай плошчы 26 сакавіка і абвінавачаны ў нецэнзурнай лаянцы. Прысуд — 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Пасьля вызваленьня Павал расказаў, што здарылася пасьля таго, як ён разам зь іншымі затрыманымі апынуўся ў аўтазаку:

«Прывозяць у нейкі гараж. Прыходзяць курсанты-кадэты, пачынаюць камандаваць: здымайце шнуркі, даставайце ўсе рэчы. Пытаемся, дзе мы? Нічога не адказваюць, пераціскаюць рукі будаўнічымі плястыкавымі хамутамі. Потым аказалася, што гэта гараж Ленінскага РУУС, адкуль потым па адным цягалі на допыты».

Паўла абурае той факт, што яго пакаралі за тое, чаго ён не рабіў — маўляў, мацюкаўся. І гэта ў той час, як ахоўнікі ізалятару, міліцыянты ў РУУС, амапаўцы на плошчы і ў аўтазаку «размаўляюць» выключна мацюкамі.

Павал сказаў, што, натуральна, ніякага жаданьня зноў апынуцца на сутках няма. Але, як вынікае зь лёсаў ягоных сукамэрнікаў, у праваахоўнікаў ёсьць норма пасадкі, таму сесьці можна практычна за ўсё.

Стваральнік «Арт-сядзібы» кажа, што перажыў некалькі хваляў зьменаў настрою:

«Спачатку накаціла абурэньне супраць амапаўцаў, судзьдзяў, ілжэсьведкаў, якія бессаромна хлусяць.

Калі пакантактаваў з больш дасьведчанымі вязьнямі, тыя патлумачылі, што няма сэнсу змагацца зь пешкамі. Іх функцыя толькі адна — паказаць, што кароль ня голы.

А як вынік, справа кожнага — біць па сыстэме далей, не спыняцца, гуртаваць людзей».

У канцы сустрэчы паўжартам прапанаваў арганізаваць «Акрэсьцін- party», сабраўшы разам пару сотняў палітычных сядзельцаў.

«Гэта будзе досьвед, які загартуе. Дзякуй тым, хто перажываў за мяне, хто спадзяваўся, што я за гэты час схуднею (сьмяецца). Дзякуючы падтрымцы, салідарнасьці, будзем працягваць працу. Жыве Беларусь!»

А ў адказ вокліч: «Жыве Белавус!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG