Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: храмы ў Эгіпце, дзе адбыліся выбухі, не ўваходзяць у маршруты беларускіх турыстаў


Адказнасьць за выбухі ў хрысьціянскіх цэрквах Эгіпту ўзяла на сябе «ісламская дзяржава».

«Паводле наяўнай інфармацыі, храмы ў Эгіпце, якія сталі аб’ектамі нападаў, не ўваходзяць у маршруты беларускіх турыстаў. Пасольства адсочвае сытуацыю», — пракамэнтаваў інфармацыю пра выбухі ў Эгіпце беларускі МЗС.

Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасьць за два выбухі, якія прагрымелі ў эгіпецкіх гарадах Александрыя і Танта. У выніку тэрактаў загінулі ня менш за 44 чалавек, больш за сто пацярпелі.

Першы выбух адбыўся у копцкім храме ў горадзе Танта на поўначы Эгіпту падчас службы ў гонар Вербнай нядзелі. Паводле папярэдняй інфармацыі, бомбу ўзарвалі дыстанцыйна. Загінуў, як найменей, 31 чалавек.

Празь некалькі гадзін сьмяротнік падарваў бомбу ля ўваходу ў царкву Сьвятога Марка ў Александрыі. Загінулі 13 чалавек. Ахвяр магло быць больш, але зьнешні выгляд сьмяротніка выклікаў падазрэньні ў афіцэра паліцыі, які спыніў яго і ня даў прайсьці ўнутр храма.

Службу ў царкве Сьвятога Марка ў Александрыі праводзіў копцкі патрыярх Тавадрос II, ён пры выбуху не пацярпеў.

Гэта другі напад на хрысьціян-коптаў у Эгіпце за апошнія паўгоду. У сьнежні ў выніку нападу на Царкву сьвятых Пятра і Паўла блізу Сабора сьвятога Марка ў Каіры загінулі 29 чалавек, яшчэ 47 былі параненыя.

Хрысьціяне ў Эгіпце складаюць рэлігійную меншасьць, іх 9 млн, або каля 10% насельніцтва краіны. Копты часта падвяргаюцца нападам з боку ісламістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG