Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваны ў стакгольмскім тэракце прасіў прытулку, а пасьля адмовы хаваўся ад паліцыі


39-гадовы грамадзянін Узбэкістану, які стаў галоўным падазраваным у зьдзяйсьненьні тэракту ў цэнтры Стакгольму, раней прасіў даць яму прытулак у краіне. Пасьля адмовы ён быў абвешчаны ў вышук як той, хто хаваецца ад дэпартацыі, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка паліцыі Стакгольму Яна Эвэнсана.

«Мы ня ведалі, дзе ён знаходзіцца, таму не змаглі выслаць яго», — дадаў кіраўнік нацыянальнай паліцыі Швэцыі Ёнас Хайзінг.

У паліцыі таксама адзначылі, што падазраваны сымпатызаваў экстрэмісцкім арганізацыям, у тым ліку «Ісламскай дзяржаве». Праваахоўныя органы Швэцыі працягваюць пошук магчымых саўдзельнікаў.

Прадстаўнік паліцыі Стакгольму Ян Эвэнсан адзначыў, што па справе аб тэракце затрыманыя «менш, чым пяцёра» чалавек. Выданьне Aftonbladet вывучыла дакумэнты акруговага суду Стакгольму і прыйшло да высновы, што арыштаваны яшчэ адзін падазраваны па артыкуле «злачынства супраць нацыянальнай бясьпекі».

У выніку атакі ў цэнтры Стакгольму загінулі чатыры чалавекі: два грамадзяніна Швэцыі, мужчына зь Вялікабрытаніі і жанчына з Бэльгіі. Дзесяць пацярпелых да гэтага часу знаходзяцца ў шпіталях, чацьвёра зь іх атрымалі сурʼёзныя раненьні.

Увечары ў пятніцу, 7 траўня скрадзены грузавік на хуткасьці каля 60 кілямэтраў у гадзіну заехаў на пешаходную вуліцу ў цэнтры Стакгольму. Ён зьбіў некалькіх мінакоў, пасьля чаго ўрэзаўся ў гандлёвы цэнтар Ahlens. Нападніку ўдалося схавацца зь месца здарэньня.

Грузавік, з дапамогай якога зьдзейсьнілі атаку, належаў піваварнай кампаніі Spendrups, прадстаўнікі кампаніі заявілі, што раней у пятніцу яго скралі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG