Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча «расчараваная» дзеяньнямі расейскага боку ў Катыні


Катынскі мэмарыял пад Смаленскам

Міністэрства замежных справаў Польшчы выказала «занепакоенасьць і расчараваньне» разьмяшчэннем расейскім бокам на польскіх могілках у Катыні інфармацыйных табліц зь «неадпаведнымі рэчаіснасьці» дадзенымі аб савецкіх палонных, якія загінулі ў часе савецка-польскай вайны 1920-21 гадоў.

У адмысловай заяве МЗС Польшчы гаворыцца, што прадстаўленыя на табліцах дадзеныя аб колькасьці загінулых у польскіх лягерах савецкіх ваеннапалонных у некалькі разоў перавышаюць дадзеныя, прызнаныя як польскімі, так і расейскімі гісторыкамі.

«Большая частка ваеннапалонных памерлі з-за ўмоваў утрыманьня, якія былі наступствам дрэннага эканамічнага стану польскіх земляў, якія пацярпелі ад шматгадовай барацьбы за незалежнасьць», — гаворыцца ў заяве польскага дыпляматычнага ведамства.

У Варшаве падкрэсьліваюць, што ўсталяваньне інфармацыйных табліц у Катыні адбылося напярэдадні 77-ай гадавіны катынскай трагедыі і 7-й гадавіны катастрофы пад Смаленскам, у якой загінулі 96 чалавек, у тым ліку і прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі.

МЗС Польшчы заклікаў расейскі бок «да канструктыўнага супрацоўніцтва» з мэтай вырашэньня спрэчных пытаньняў, якія існуюць паміж абедзьвюма краінамі — у прыватнасьці, і ў галіне асьвятленьня гістарычнай мінуласьці.

XS
SM
MD
LG