Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму абвастраецца палеміка паміж Беларусьсю і Захадам


Аляксандар Лукашэнка дае інтэрвію тэлерадыёкампаніі «Мир»

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: За апошнія некалькі дзён было некалькі рэакцый, інтэрвію, якія абвастрылі палеміку паміж афіцыйным Менскам і прадстаўнікамі заходніх краін.

Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў у інтэрвію міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир» адкрыты ліст чатырох амэрыканскіх сэнатараў. Там дэмакраты Рычард Дэрбін і Джын Шахін ды рэспубліканцы Марка Рубіё і Джон Маккейн заклікалі Лукашэнку павярнуць палітычны курс у бок дэмакратыі і Захаду, каб абараніць тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт Беларусі ад замаху Расеі.

Ну, а ў адказ Лукашэнка вярнуўся да рыторыкі, звыклай яму, якую ён часта ўжываў раней, за выключэньнем апошніх двух гадоў. Ён параіў амэрыканскім кангрэсмэнам паглядзець на дэмакратыю ў заходніх краінах. Маўляў, у нас ня труцяць газам, у нас яшчэ больш мякка абыходзяцца з дэманстрантамі.

Лукашэнка дадаў, што амэрыканскіх кангрэсмэнаў таксама хвалюе пытаньне вучэньняў «Захад-2017», якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі. «А для нас не небясьпека, што сёньня NATO актывізавалася каля нашых межаў? — сказаў Лукашэнка. — Трэба, каб эўрапейцы, натаўцы і Злучаныя Штаты разумелі, што ў процівагу калісьці мы стварылі сумесную групоўку на тэрыторыі Беларусі і на захадзе Расеі. Гэтая групоўка жывая, і яна гатовая дзейнічаць дзеля абароны нашых інтарэсаў. Мы пры гэтым ні на каго не зьбіраемся нападаць — нам гэтага ня трэба».

Гэтым разам словы кіраўніка дзяржавы гучаць досыць памяркоўна і стрымана.

У адрозьненьне ад ранейшых часоў, калі антызаходняя рыторыка была галоўнай для Аляксандра Лукашэнкі і ў зьнешняй, і ўва ўнутранай палітыцы, гэтым разам словы кіраўніка дзяржавы гучаць досыць памяркоўна і стрымана. Фактычна Лукашэнка адказвае на канкрэтны заклік з боку амэрыканскіх сэнатараў, выкарыстоўвае гэтую нагоду.

Нельга сказаць, што гэта можна параўнаць з тымі заявамі пра «страшнага монстра NATO, які падбіраецца да сінявокай Беларусі», якія гучалі ў 1990–2000-х гадах. Цяпер усё-ткі, рэагуючы на заходнюю крытыку, Аляксандар Лукашэнка імкнецца стрымаць сябе і быць па сваіх мерках досыць ветлівым, калі можна так выказацца.

Другое — гэта нядаўняя рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, які скрытыкаваў беларускія ўлады за рэпрэсіі супраць дэманстрантаў. У Страсбуры была прынятая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, якае асуджае хвалю рэпрэсій у Беларусі і заклікае паважаць правы і свабоды грамадзян. Таксама рэзалюцыя ўтрымлівае намёк на магчымае ўвядзеньне новых санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску, калі гэтая практыка працягнецца. Ну, і МЗС таксама адказала на гэтую рэзалюцыю досыць дыпляматычна: «Выклікае жаль, што ў дэпутатаў Эўрапарлямэнту не хапіла часу альбо жаданьня азнаёміцца з афіцыйным пунктам гледжаньня на падзеі двухтыднёвай даўнасьці і высьветліць усе пытаньні ў рэжыме прамога дыялёгу». Так гаворыцца ў заяве прадстаўніка МЗС Дзьмітрыя Мірончыка.

Гэта праява той практыкі, якую апошнім часам беларускае замежнапалітычнае ведамства любіць: адны выказваньні рабіць публічна — часьцей досыць крытычныя альбо строгія, — а потым на нефармальных сустрэчах ці, як гэта называецца, па нефармальных каналах тлумачыць заходнім палітыкам, што на самой справе ўсё ня так, у Беларусі няма ніякага павароту да рэпрэсіяў, ад Захаду, і таму, маўляў, заходнія дыпляматы не павінны хвалявацца.

Такім чынам, вымалёўваецца наступная карціна ў цяперашнім дыялёгу пасьля 25 сакавіка паміж афіцыйным Менскам і Захадам. Даволі крытычныя выказваньні наконт заходняй крытыкі з боку Менску па СМІ, і пры гэтым па нефармальных каналах спроба патлумачыць заходнім палітыкам, што на самой справе гэта быў толькі адзін неабходны момант для таго, каб спыніць патэнцыйныя беспарадкі ці майдан, а на самой справе афіцыйны Менск не мяняе сваёй пазыцыі, жадае супрацоўнічаць з Захадам і ня будзе ўжываць зацятых і жорсткіх рэпрэсіяў.

Глод: Я хачу працягнуць тэму, якую пачаў Віталь Цыганкоў, калі казаў, што афіцыйны Менск ужывае ў дачыненьнях з Захадам як публічную, так і непублічную палітыку. Ужо некалькі амбасадараў з краін Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Менску, паведамілі ў неафіцыйных размовах, што кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімер Макей сустракаўся зь імі 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, пра што не паведамлялася ні на сайце МЗС, ні ў афіцыйных мэдыях. І галоўны пасыл міністра быў такі — што б ні здарылася заўтра, Менск ня хоча спыняць свайго збліжэньня з Захадам. То бок заходняга вэктару Беларусь не адкідае.

Абвастрэньне палемікі паміж Беларусьсю і Захадам найперш выклікана тым, што ўлады не чакалі такой рэзкай крытыкі з Захаду.

На мой погляд, апошняе абвастрэньне палемікі паміж Беларусьсю і Захадам найперш выклікана тым, што ўлады не чакалі такой рэзкай крытыкі з Захаду. Так, санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі ня ўзноўленыя. Аднак крытыка была вострая. Некаторыя палітыкі, асабліва дэпутаты Эўрапарлямэнту, казалі, што калі і далей сытуацыя будзе разгортвацца ў такім жа стылі, то Эўразьвяз будзе вымушаны ўзнавіць старыя санкцыі і ўвесьці новыя.

5–8 ліпеня ў Менску заплянаваная штогадовая летняя сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. У правядзеньні гэтай сэсіі моцна зацікаўленыя беларускія ўлады. Адразу пасьля падзеяў 25 сакавіка ад шэрагу праваабарончых арганізацыяў прагучала патрабаваньне — не праводзіць саміт ПА АБСЭ ў Беларусі, а перанесьці яго ў нейкую іншую краіну. Апошнім часам да гэтых галасоў далучыліся і прадстаўнікі парлямэнцкіх структураў зь некаторых краін АБСЭ. Так што Беларусі давядзецца выбіраць, што рабіць далей.

У кіраўніцтва Беларусі існуе разуменьне таго, што сяброўства з Расеяй ужо не такое ўстойлівае, як раней.

Адносіны з Захадам, безумоўна, залежаць ад таго, як разьвіваюцца дачыненьні афіцыйнага Менску з Масквой. У кіраўніцтва Беларусі існуе разуменьне таго, што сяброўства з Расеяй ужо не такое ўстойлівае, як раней. Дасьць грошы Масква? Ці ня дасьць? Усё ў такой ступені падвешанае, што ня ведаеш, дзе знойдзеш, дзе згубіш. Раптам адвернесься ад Захаду і нічога не атрымаеш на Ўсходзе — існуе і такая пагроза.

Хоць, як мне падаецца, прэзыдэнцкія выбары ў Расеі ў наступным годзе хутчэй падштурхнуць Пуціна і Лукашэнку зрабіць нейкую акцыю і прадставіць яе як новы віток інтэграцыі, які ініцыяваны двума прэзыдэнтамі. Пакуль жа ўражаньне такое, што беларуская ўлада так і ня вызначылася, куды ёй павярнуць.

Карбалевіч: Жорсткія рэпрэсіі беларускага рэжыму супраць удзельнікаў пратэставых акцый не маглі ня выклікаць непаразуменьня ў адносінах паміж Беларусьсю і Захадам.

Важную рэзалюцыю па Беларусі прыняў Эўрапарлямэнт. Там і заклік адмовіцца ад рэпрэсій, вызваліць усіх арыштаваных, адмяніць дэкрэт № 3.

Калі рэакцыя прэсавай службы МЗС на гэтую рэзалюцыю стрыманая, то заява Лукашэнкі ў інтэрвію тэлекампаніі «Мир» была даволі рэзкая. Маўляў, паглядзіце на сваю дэмакратыю. Нагадаю, што ў гэтым жа стылі былі вытрыманы ранейшыя заявы Лукашэнкі наконт таго, што за вулічнымі акцыямі пратэсту стаяць заходнія спэцслужбы і фонды, што беларускіх баевікоў рыхтуюць у лягерах Польшчы, Літвы і Ўкраіны.

Варта зьвярнуць увагу, што кіраўнік Беларусі адмовіўся ехаць у ЗША, куды яго запрасілі на юбілейныя ўрачыстасьці з нагоды ўступленьня ЗША ў Першую сусьветную вайну. Вельмі знамянальна, што гэта адбываецца на тле прымірэньня паміж Менскам і Масквою.

Палеміка ніяк не перашкаджае ранейшаму дыпляматычнаму працэсу.

Але важна адзначыць, што гэтая палеміка ніяк не перашкаджае ранейшаму дыпляматычнаму працэсу. 4 красавіка Менск наведала дэлегацыя ЭЗ, адбылося паседжаньне Каардынацыйнай групы ЭЗ — Беларусь. Наступным тыднем Менск наведвае дэлегацыя польскага сэйму.

XS
SM
MD
LG