Першы намесьнік міністра абароны Ўкраіны Іван Руснак пад час сёньняшняй сустрэчы ў Кіеве з намесьніцай генэральнага сакратара NATO Роўз Гэтэмюлер заявіў пра занепакоенасьць у сувязі з правядзеньнем Расеяй і Беларусьсю супольных вайсковых вучэньняў «Захад-2017».
Як паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе Міністэрства абароны Ўкраіны, Іван Руснак, у прыватнасьці, сказаў: «Сытуацыя ў раёне правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі застаецца напружанай. Акрамя таго, занепакоенасьць выклікаюць агульныя стратэгічныя вучэньні ўзброеных сілаў Расеі і Беларусі „Захад-2017“, якія адбудуцца сёлета ўвосень».
Сёньня ж зь візытам ва Ўкраіне знаходзіцца таксама і прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі NATO Паола Альлі, які правёў асобныя сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і сакратаром Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандрам Турчынавым.
Паводле Пятра Парашэнкі, супрацоўніцтва паміж Украінай і NATO выконвае «важную ролю ва ўтаймаваньні агрэсіі Расеі супраць Украіны».
Аляксандр Турчынаў у сваю чаргу заявіў, што ўкраінскія спэцслужбы фіксуюць актыўную дзейнасьць Расеі па нарошчваньні ваеннага патэнцыялу «перш за ўсё, на заходнім і паўднёвым стратэгічных кірунках».
«Аналізуючы гэтыя дадзеныя, мы ня можам выключаць пашырэньня ваеннай агрэсіі супраць нашай краіны», — сказаў Турчынаў і дадаў, што расейскі ваенны патэнцыял пагражае не толькі Ўкраіне, але і заходнім партнэрам.