Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кубачкам гарбаты вырашыла я напісаць вам пра... карысьць гарбаты для нашага здароўя.

Пачынаем з самага відавочнага — балянс вадкасьці ў арганізьме. Піць, як вядома, трэба кожны дзень. Дарослы чалавек з нармальнай вагой павінен арыентавацца на норму ў прыкладна 1.5 л вадкасьці ў дзень. Для тых асоб, якія часта мёрзнуць, вада падыходзіць не заўсёды, таму што яна халодная. Гарбата для іх — ідэальны штодзённы напой.

Цікавыя факты пра гарбату

Гарбату можна падзяліць на чатыры разнавіднасьці: белую, зялёную, улун і чорную. Шмат хто ня ведае, што ўсе гэтыя чатыры разнавіднасьці вырабляюцца з аднае і тае ж расьліны! Па-навуковаму яна называецца Camellia sinensis.

Белая гарбата зроблена зь вельмі маладога лісьця або пупышак; зялёная зроблена са сьпелага не фэрмэнтаванага лісьця; улун атрымліваюць з часткова фэрмэнтаванага лісьця; а чорны чай — з цалкам фэрмэнтаванага лісьця (менавіта ў працэсе фэрмэнтацыі лісточкі гарбаты набываюць цёмны колер). Дарэчы, і белая, і зялёная, і чорная гарбата, і ўлун утрымліваюць кафэін. У гэтым артыкуле пагаворым пра зялёную гарбату.

Зялёная гарбата лічыцца самым спажываным напоем у сьвеце. Першапачаткова зялёную гарбату вырошчвалі толькі ў Кітаі, а цяпер яна культывуецца ў больш чым 30 краінах. Паводле ацэнак, калі падзяліць усю колькасьць спажыванай зялёнай гарбаты ва ўсім сьвеце на насельніцтва Зямлі, то атрымліваецца, што ў сярэднім кожны чалавек штодня выпівае каля 120 мл гарбаты. Лісьце зялёнай гарбаты на чвэрць складаецца з харчовых валокнаў, на 15% — з пратэінаў, на 2-7% — зь ліпідаў, на 5% — зь вітамінаў і мінэралаў і розных поліфэнолаў (хімічных злучэньняў, важных для выжываньня расьлін і патэнцыйна карысных для здароўя чалавека). Склад вар’іруецца ў залежнасьці ад клімату, глебы, сельскагаспадарчых тэхналёгій (выкарыстаньне ўгнаеньняў, наяўнасьць адкідаў у глебе), а таксама ад характарыстык чайнай расьліны.

Завараная ў вадзе гарбата уяўляе сабой гарачую водную экстракцыю. Аптымальная экстракцыя адбываецца пры ўмовах тэмпэратуры вады 80° па Цэльсіі і пры працягласьці заварваньня 5-15 хвілін. Але я не прапаную вам заварваць чай 15 хвілін. Проста хачу зьвярнуць вашу ўвагу на тое, што аптымальны смак і максымальная карысьць гарбаты дасягаюцца не адначасова. Працэс заварваньня зялёнай гарбаты, у ідэале, шматразовы. То бок вы карыстаецеся адной і той ж заваркай некалькі разоў. Хутчэй за ўсё, калі заварваеце гарбату першы раз, дык чакаеце першага глытка 1-3 хвіліны. Потым вы заліваеце гарачай вадой тую ж самую заварку і зноў чакаеце нейкі час. Магчыма, вы заварвайце чай нават і па трэцім разе. Такім чынам вы натуральным спосабам атрымліваеце ад гарбаты максымальную карысьць.

Фляваноіды зьяўляюцца найбольш важнымі поліфэноламі гарбатнага лісьця. Акрамя фляваноідаў, зялёная гарбата ўтрымлівае таксама арганічныя кіслоты, палімэры, дубільныя рэчывы і сьляды лятучых злучэньняў. Катэхіны зьяўляюцца асноўнымі фляваноідамі зялёнай гарбаты.

Зялёная гарбата супраць дэгенэрацыі

Кожная клетка нашага арганізму мае мітахондрыю, якая неабходная для выпрацоўкі энэргіі. Аксыданты выклікаюць пастаяннае пашкоджаньне мітахондрый. У цэнтральнай нэрвовай сыстэме старэньне і нэйрадэгенэрацыя адбываюцца з прычыны мітахандрыяльнага акісьленьня. На гэтым грунтуецца тэорыя, што (рэгулярнае) спажываньне антыаксыдантаў можа затрымаць нэйрадэгенэратыўныя працэсы. Катэхіны зялёнай гарбаты дэманструюць моцную антыаксыдантную актыўнасьць. Нягледзячы на тое, што гарбатныя фляваноіды дасягаюць клеткі нашага мозгу ў невялікіх колькасьцях, яны дапамагаюць запаволіць зьніжэньне функцыі мозгу. Так, нядаўняе маштабнае дасьледаваньне, праведзенае ў Кітаі, пацьвердзіла, што рэгулярнае спажываньне гарбаты асацыюецца з больш нізкай (да 50%!) рызыкай разьвіцьця дэмэнцыі сярод пажылых людзей.

Зялёная гарбата дапамагае схуднець?

Даказана, што спажываньне зялёнай гарбаты павялічвае расход энэргіі (калёрый). Гэты эфэкт назіраецца як у тых, хто вядзе сядзячы ляда жыцьця, так і ў фізычна актыўных асоб. Гэтыя тэрмагенныя ўласьцівасьці зялёнай гарбаты, хутчэй за ўсё, тлумачацца ня толькі ўтрыманьнем у ёй кафэіну. Але чым яшчэ — дакладна невядома. Эпідэміялягічныя назіраньні паказваюць, што людзі, якія рэгулярна п’юць зялёную гарбату (сярэдняе спажываньне 434 мл / дзень на працягу больш за 10 гадоў) маюць больш нізкі працэнт агульнага тлушчу ў арганізьме і меншы аб’ём таліі ў параўнаньні з тымі, хто гарбату ня п’е або п’е нерэгулярна.

Спажываньне зялёнай гарбаты можа прадухіліць мэтабалічны сындром

Рэгулярнае спажываньне зялёнай гарбаты мае станоўчы эфэкт на ўсе паказьнікі мэтабалічнага сындрому: узровень халестэрыну і трыгліцерыдаў ў крыві, артэрыяльны ціск, інсулінарэзістэнтнасьць і аб’ём таліі. Таму тэарэтычна спажываньне зялёнай гарбаты можа прадухіліць мэтабалічны сындром.

Зялёная гарбата замест зубной пасты

Асноўнай прычынай карыесу зубоў зьяўляюцца бактэрыі Streptococcus mutans. Даказана, што зялёны чай аказвае антымікробнае ўзьдзеяньне на гэтыя бактэрыі. Больш за тое, калі пасьля ежы выпіць зялёнай гарбаты, дык бактэрыі ня будуць прымацоўвацца да паверхняў рота. Акрамя таго, гарбата зьяўляецца натуральнай крыніцай фтору, важнага мінэралу для зубоў. Так што, калі зубная паста пасьля прыёму ежы вам недаступная, ня адмоўце сабе ў кубачку зялёнай гарбаты!

XS
SM
MD
LG