Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны РФ: газавая атака ў Сырыі зьвязана з пападаньнем у склад хімічнай зброі баевікоў


Сырыйскія праваабаронцы і заходнія СМІ 4 красавіка абвінавацілі прэзыдэнта Сырыі Башара Асада і расейскія войскі ў хімічнай атацы ў правінцыі Ідліб. Ня менш за 58 чалавек загінулі ў аўторак, сярод якіх 11 дзяцей, яшчэ дзесяткі параненыя.

Мяркуецца, што да гібелі мірных жыхароў прывяла хімічная атака, пра якую першымі паведамілі праваабаронцы.

Раніцай 5 красавіка расейскае Міністэрства абароны заявіла, што жыхары правінцыі пацярпелі ад хімічнай зброі тэрарыстаў, якая захоўвалася на складзе ў рэгіёне.

4 красавіка сырыйская авіяцыя нанесла ўдар па складзе ў горадзе Хан-Шайхун, дзе знаходзіліся атрутныя рэчывы, сьцьвярджаюць у расейскім абарончым ведамстве.

«Гэтыя боепрыпасы з атрутнымі рэчывамі таксама выкарыстоўваліся баявікамі ў сырыйскім Алепа, калі іх прымяненьне было зафіксавана ў канцы мінулага году расейскімі вайсковымі спэцыялістамі», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Ігар Канашенкаў.

Паводле заявы Міністэрства абароны, на гэтым складзе знаходзіліся цэхі для вытворчасьці фугасаў з атрутнымі рэчывамі, якія баевікі нібыта перавозілі тэрарыстам ў Ірак і выкарыстоўвалі ў Алепа ў канцы мінулага году.

У сацыяльных сетках і СМІ былі апублікаваныя фота- і відэаматэрыялы зь людзьмі, якія ляжаць на зямлі з сымптомамі ўдушэньня, звужанымі зрэнкамі, з ванітам і пенай з рота. Паводле паведамленьняў відавочцаў, у паветры паху не адчувалася. Паводле непацьверджанай інфармацыі, атрутнае рэчыва — зарын — вадкасьць бяз колеру і паху, якая валодае нэрвова-паралітычным дзеяньнем і зьяўляецца ў 20 разоў больш таксычным за цыяністы калій.

Пазьней самалёты нанесьлі авіяцыйныя ўдары па мэдычнай установе, у якой аказвалася дапамога пацярпелым.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава, заявіла, што апублікаваныя відэа аб наступствах прымяненьня хімічнай зброі ў правінцыі Ідліб маюць пастановачны характар: «У нас няма сумненьняў, што ўся гэтая задума носіць відавочна правакацыйны характар», — сказала Захарава на брыфінгу ў Маскве.

Дамаск сваё дачыненьне да хімічнай атакі адмаўляе.

Спэцыяльная камісія ААН у справе расьсьледаваньня ваенных злачынстваў у Сырыі паведаміла, што вывучае меркаваную атаку, а таксама паведамленьні пра наступныя ўдары па пункце аказаньня мэдычнай дапамогі пацярпелым.

Сьледчыя ААН заявілі, што выкарыстаньне хімічнай зброі і наўмысныя ўдары па мэдычным установам «раўнасільныя ваенным злачынствам і зьяўляюцца сур’ёзным парушэньнем нормаў у галіне правоў чалавека».

У той жа час, паводле інфармацыі агенцтва Reuters, ЗША, Францыя і Вялікабрытанія ўнесьлі ў Раду Бясьпекі ААН праект рэзалюцыі аб магчымай хімічнай атацы, якую могуць узгадніць ўжо ў сераду.

Дзяржавы ўсклалі адказнасьць за сьмерць мірных жыхароў на ўрад Сырыі. Згодна з праектам, Башар Асад павінен падаць у ААН пляны палётаў, імёны камандзіраў, якія выконвалі вылеты, і доступ да авіябазаў. Таксама генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш будзе абавязаны кожны месяц публікаваць дадзеныя аб супрацоўніцтве паміж сьледзтвам і ўрадам Сырыі.

XS
SM
MD
LG