Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць праблемы са здароўем, якія ў нашым грамадзтве мала абмяркоўваюцца, хаця дастаўляюць людзям значныя клопаты.

Калі запытацца ў звычайнага чалавека, якая таямніца ёсьць у кожнай чацьвёртай жанчыны пасьля 40 гадоў, можна атрымаць які заўгодна адказ, але пра тую праблему, пра якую мы хочам пагаварыць у гэтым артыкуле, размова ня пойдзе.

Дык вось пасьля 40 гадоў жанчыны сутыкаюцца з праблемай нетрыманьня мачы, прычым з узростам колькасьць выпадкаў гэтага захворваньня павышаецца, як і ступень яго цяжкасьці. Частата нетрыманьня мачы павышаецца пасьля наступленьня мэнапаўзы, паколькі ў сувязі са зьніжэньнем узроўню жаночых палавых гармонаў губляецца тонус мышцаў тазавага дна.

Прычынамі нетрыманьня мачы могуць быць таксама атлусьценьне, перанесеныя гінэкалягічныя апэрацыі, вялікая колькасьць абортаў у мінулым, інфэкцыйныя захворваньні мачавога пухіра, камні ў мочавыводных шляхах, узроставыя іх зьмены, такія як страта элястычнасьці, недастатковасьць сфінктэраў — спэцыяльных мышц, якія рэгулююць адыход мачы. Нетрыманьне мачы можа суправаджаць многія хранічныя хваробы, такія як цукровы дыябэт. Безумоўна, пры зьяўленьні нетрыманьня мачы трэба зьвяртацца да лекара для дэталёвага абсьледаваньня, якое дапаможа пачаць тэрапію.

Але кожная жанчына павінна ведаць некаторыя агульныя рэчы, якіх неабходна прытрымлівацца пры нетрыманьні мачы. Яны наступныя. Важна ўжываць дастатковую колькасьць зеляніны, садавіны, гародніны, прадуктаў зь зерня для прадухіленьня запораў. Ня трэба абмяжоўваць сябе ў спажываньні вадкасьці. Існуе памылковы пункт гледжаньня сярод пацыентак, што быццам бы пры нетрыманьні мачы трэба меней піць, бо гэта зьменшыць колькасьць мачы і яе будзе меней выдзяляцца ў нязручны час. Гэта ня так — штодня трэба ўжываць ад 6 да 8 шклянак вады, а вось абмяжоўваць пажадана аб’ёмы выпітай кавы і напояў накшталт кока-колы, бо яны павялічваюць сымптомы нетрыманьня. Тое ж самае адносіцца і да алькагольных напояў. Вельмі карыснай зьяўляецца гімнастыка Кегеля, сутнасьць якой у тым, што жанчына павінна сьціскаць мышцы тазавага дна на працягу ня менш чым 20-30 сэкунд, для гэтага трэба рабіць такія рухі, быццам бы хочацца затрымаць мочавыдзяленьне, такіх сэансаў павінна быць ня менш за 30-50 у дзень на працягу 8-12 тыдняў. Гэта — самыя агульныя парады, а вось падрабязнасьці вам раскажа лекар.

На завяршэньне хочацца асабліва зьвярнуцца да жанчын сталага ўзросту — ня трэба саромецца зьвяртацца да лекара пры зьяўленьні нетрыманьня мачы, бо гэта неабавязковы спадарожнік старэньня і ў сучасных умовах добра лечыцца. А лячэньне ў рэшце рэшт павысіць якасьць жыцьця, працаздольнасьць і задаволенасьць кожным днём.

XS
SM
MD
LG