Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвінавацілі Асада ў арганізацыі хімічнай атакі ў Сырыі, а Расею і Іран — у патураньні яму


Мужчына і дзяўчынка пакідаюць месца атакі, падчас якой, як мяркуецца, выкарыстоўваліся атрутныя рэчывы, 4 красавіка 2017 году

Рада Бясьпекі ААН заслухае ў сераду даклад пра «хімічную атаку» ў Сырыі.

Белы дом 4 красавіка абвінаваціў рэжым прэзыдэнта Сырыі Башара Асада ў хімічнай атацы ў правінцыі Ідліб. «Цывілізаваны сьвет ня можа гэтага ігнараваць», гаворыцца ў заяве Белага дома. Ня менш за 58 чалавек, сярод якіх 11 дзяцей, загінулі ў аўторак у Ідлібе — мяркуецца, што да гібелі мірных жыхароў прывяла хімічная атака, пра якую першымі паведамілі сырыйскія праваабаронцы.

Прэс-сакратар Белага дома Шон Спайсэр назваў дзеяньні рэжыму Асада вынікам слабасьці і нерашучасьці папярэдняй адміністрацыі былога кіраўніка дзяржавы Барака Абамы. Спайсэр, выступаючы перад журналістамі, ня стаў казаць пра адказныя захады, якія могуць быць распачатыя Злучанымі Штатамі.

Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан заявіў, што Расея і Іран — як галоўныя саюзьнікі Асада і гаранты ўмоваў спыненьня агню, узгодненых ў Астане, — «нясуць вялікую маральную адказнасьць» за напад у Ідлібе. Дзяржсакратар заклікаў Маскву і Тэгеран выкарыстоўваць іхны ўплыў, каб не дапускаць падобных нападаў.

З асуджэньнем дзеяньняў сырыйскага рэжыму выступілі прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй, іншыя эўрапейскія палітыкі.

Спэцыяльная камісія ААН у расьсьледаваньні ваенных злачынстваў у Сырыі ў аўторак паведаміла, што вывучае меркаваную атаку, а таксама паведамленьні пра наступныя ўдары па пункце аказаньня мэдыцынскай дапамогі пацярпелым. Пра гэта інфармуе агенцтва Reuters.

Сьледчыя ААН заявілі, што выкарыстаньне хімічнай зброі і наўмысныя ўдары па мэдыцынскіх установах «раўнасільныя ваенным злачынствам і зьяўляюцца сур’ёзным парушэньнем нормаў у галіне правоў чалавека».

XS
SM
MD
LG