Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз: Дзеяньні ўладаў Беларусі супярэчаць заяўленай палітыцы дэмакратызацыі


Дзеяньні ўладаў Беларусі ў кантэксьце падзей апошняга часу супярэчаць заяўленай палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязацельствам. Да такой высновы прыйшла дэлегацыя Эўразьвязу, якая ўдзельнічала 3–4 красавіка ў Менску ў трэцім раўндзе сустрэч каардынацыйнай групы ЭЗ — Беларусь.

Дэлегацыю Эўразьвязу ўзначальваў выканаўчы дырэктар па пытаньнях Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў Эўрапейскай службе зьнешніх дзеяньняў Томас Маер-Хартынг. У дэлегацыю ўваходзілі прадстаўнікі Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў і генэральных дырэктаратаў Эўракамісіі, адказных за пытаньні Эўрапейскай палітыкі суседзтва, гандлю, энэргетыкі, а таксама ўнутраных спраў.

Дэлегацыю ЭЗ прымалі міністар замежных спраў Уладзімір Макей і першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Максім Рыжанкоў, паведамляе БелаПан.

«На ўсіх сустрэчах дэлегацыя Эўрапейскага зьвязу адзначала, што канкрэтныя і незваротныя захады з боку Беларусі да забесьпячэньня ўнівэрсальных фундамэнтальных свабодаў, у тым ліку свабоды выказваньня, сходаў і СМІ, а таксама вяршэнства права і правоў чалавека, у тым ліку адмена сьмяротнага пакараньня, застануцца ключавымі пры фарміраваньні будучай палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі і адносін ЭЗ з гэтай краінай», — падкрэсьліваюць у прадстаўніцтве.

XS
SM
MD
LG