Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабодаўцы — у шорт-лісьце сёлетняй Прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў


Абвешчаны кароткі сьпіс прэміі ў галіне нон-фікшн за 2017 год, куды ўвайшлі сем кніг. Пераможца будзе вызначаны ў красавіку.

Сярод прэтэндэнтаў на прэмію — кніга зь «Бібліятэкі Свабоды». У кнізе Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы...» сабраныя матэрыялы, якія гучалі ў перадачах з цыклю «Падарожжы Свабоды».

Аўтар перадачы «Вольная Студыя» Міхась Скобла прадстаўлены ў шорт-лісьце дзьвюма пазыцыямі: кнігай «Саркафагі страху» і зборніку ўспамінаў і карэспандэнцыі гісторыка Мікалая Ўлашчыка, дзе наш калега быў укладальнікам і аўтарам камэнтароў.

Змагаецца за прэмію і кніга ўспамінаў вэтэрана «Радыё Свабода» (у тым ліку пра сваю працу на радыё) Вітаўта Кіпеля, які супрацоўнічаў з радыё ад сярэдзіны 1950-х да пачатку 1990-х. Кнігу падрыхтаваў да выданьня Сяргей Шупа.

Цяперашні сэзон гэтай прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў у галіне непрыдуманай літаратуры — ужо другі. У красавіку 2015 года Прэмія была ўручаная ўпершыню, пераможцам быў Сяргей Дубавец з кнігай «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» (сэрыя «Бібліятэка Свабоды»).

Партнэрамі ў арганізацыі конкурсу і ўручэньні прэміі выступаюць: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў», МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», выдавецтва «Лімарыюс».

Сёлета прэмія мае быць уручаная за кнігі, надрукаваныя ў Беларусі на беларускай мове ў пэрыяд 2015–2016 гадоў. На прэмію маглі быць вылучаны кнігі, напісаныя ў галіне непрыдуманай літаратуры (non-fiction) наступных жанраў: мэмуары, успаміны, дзёньнікі, эпісталярная спадчына, біяграфіі, травэлёгі (падарожныя нататкі), дакумэнтальная проза.

Прэмія будзе падзеленая паміж трыма пераможцамі, кожны зь якіх атрымае таксама дыплём і памятны мэдаль.

Шорт-ліст

1. Бартосік Зьміцер. Быў у пана верабейка гаварушчы... Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2016.

2. Кіпель Вітаўт. Жыць і дзеіць. Менск: Выдавец Зьміцер Колас, 2015.

3. Міцкевіч Натальля. Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа. Менск: Зьвязда, 2016.

4. Скобла Міхась. Саркафагі страху: прознае. Менск: Кнігазбор, 2016.

5. Улашчык Мікалай. Даць народу гісторыю: успаміны, лісты. Укладаньне А. Каўкі і М. Скоблы; прадмова А. Каўкі; камэнтары М. Скоблы. Менск: Лімарыюс, 2016.

6. Ціхановіч Яўген. Партрэт стагодзьдзя. Прадмова, падрыхтоўка тэксту, камэнтары Сяргей Харэўскі. Менск: Лімарыюс, 2015.

7. Чыгрын Сяргей. На радзіме Ігната Дварчаніна: з краязнаўчых вандровак па Дзятлаўшчыне. Мінск: Кнігазбор, 2016.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG