У Расеі са жніўня 2015 года зьнішчана амаль 11 тысяч тон прадуктаў, якія спрабавалі ўвезьці ў краіну ў абыход харчовага эмбарга, уведзенага адносна краін Захаду.
Паводле паведамленьня «Рассельгаснагляду», было зьнішчана больш за 10 тысяч тон гародніны, садавіны і іншай прадукцыі расьліннага паходжаньня і 402 тоны прадукцыі жывёльнага паходжаньня.
У жніўні 2014 году Масква забараніла імпарт шэрагу харчовых тавараў з краін, якія раней ўвялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі за анэксію Крыму і яе ролю ва ўзброеным канфлікце ва Ўкраіне.
Указ пра зьнішчэньне санкцыйных прадуктаў у ліпені 2015 году падпісаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Прадстаўнікі грамадзкасьці і праваабаронцы выступілі з рэзкай крытыкай гэтага рашэньня. Яны прапаноўвалі аддаваць канфіскаваныя прадукты малазабясьпечанаму насельніцтву. У Дзяржаўнай Думе было ўнесена два законапраекты аб раздачы канфіскаваных санкцыйных прадуктаў маламаёмасным. Аднак профільныя камітэты рэкамэндавалі іх адхіліць.
Да канца 2016 году ў Расіі зьнішчылі амаль 9 тысяч тон ежы.
Паводле афіцыйных дадзеных, за рысай беднасьці жывуць каля 22 мільёнаў расейцаў, яшчэ 5 мільёнаў зарабляюць у месяц ня больш за сем з паловай тысяч рублёў.