Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Лукашэнкі кепская прыкмета, што Пуцін выдзеліць яму паўгадзіны ў рамках мэдыяфоруму, — эканаміст


Як паведамляе сайт прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі, 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца мэдыяфорум рэгіянальных і мясцовых СМІ «Праўда і справядлівасьць». Па-за рамкамі мерапрыемства заплянаваная сустрэча Ўладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведамляе сайт прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі, 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца мэдыяфорум рэгіянальных і мясцовых СМІ «Праўда і справядлівасьць».

Па-за рамкамі мерапрыемства заплянаваная сустрэча Ўладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведамляе прэсавая служба расейскага кіраўніка, падчас перамоваў маюць абмеркаваць «ключавыя пытаньні двухбаковага парадку дня і пэрспэктывы інтэграцыйных працэсаў на эўразійскай прасторы».

Эканаміст Барыс Жаліба зьвяртае ўвагу на статус перамоваў, прыніжальны для беларускага кіраўніка:

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

«Тое, што гэта не паўнавартасная сустрэча, а яе проста далучаць да нейкага форуму, гэта апрыёры прыніжае статус перамоваў. Пытаньні настолькі важныя, што, здавалася б, трэба арганізоўваць асобны круглы стол на адпаведным узроўні. Тое, што Пуцін, наўмысна ці не, прыніжае статус і проста выдзеліць для Лукашэнкі паўгадзіны ў агульным графіку, кепская прыкмета: мала шанцаў, што бакі дамовяцца ў карэнных пытаньнях. Як на маю думку, наўрад ці нафтагазавы вузел сёньня будзе разьвязаны. Хоць зразумела, што беларускія перамоўнікі спадзяюцца на лепшае».

Размова Пуціна і Лукашэнкі пройдзе на фоне палітычнай і эканамічнай напружанасьці ў стасунках паміж дзьвюма краінамі. У апошні час кіраўнік Беларусі неаднаразова крытыкаваў Расею, казаў, што «ніхто ня можа паставіць нас на калені». Мелася на ўвазе, што Масква ня можа дыктаваць Менску свае ўмовы наконт цэнаў на нафту і газ. У сувязі з гэтым Лукашэнка абвінаваціў Расею ў парушэньні дамоваў на пастаўку энэргарэсурсаў дзеля таго, каб «схапіць нас за горла». Аднак Барыс Жаліба ня верыць, што пагрозы Лукашэнкі здольныя на нешта паўплываць:

«Мяркуючы па ўсім, Расея ранейшыя даўгі сьпісваць саюзьніку не зьбіраецца. Калі і будзе нейкае пазытыўнае рашэньне для Беларусі, то выключна на растэрміноўку выплаты — магчыма, усё ж праз выдзяленьне чарговага траншу крэдыту з Эўразійскага банку. Таму што ў нас няма грошай ня тое што заплаціць адразу, а нават у доўгатэрміновай пэрспэктыве. Думаю, разьвязаньне спрэчнай сытуацыі можа ісьці якраз у такім рэчышчы».

Расея цягам мінулага году падвоіла цану на газ у параўнаньні з пачаткам функцыянаваньня Эўразійскага эканамічнага саюзу. Гэта не задавальняе Лукашэнку, які патрабуе саюзьніцкіх дачыненьняў бяз выняткаў:

«Крэмль даўно не зьвяртае ўвагі на выказваньні Лукашэнкі — эмацыйныя, супярэчлівыя, пагрозьлівыя. Таму ў агляднай будучыні альбо дамовяцца, альбо не дамовяцца. А тое, што ён казаў раней ці яшчэ нагаворыць пазьней — думаю, ужо ня так важна. Масква захоўвае рычагі ўплыву на Менск, незалежна ад рыторыкі беларускага прэзыдэнта».

Сустрэча расейскага і беларускага лідэраў у Санкт-Пецярбурзе адбудзецца неўзабаве пасьля разгону антыўрадавых дэманстрацыяў 25-26 сакавіка ў Менску і ў Маскве, калі ў абедзьвюх сталіцах былі арыштаваныя сотні чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG