Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што калі Кітай ня зоймецца вырашэньнем праблемы Паўночнай Карэі, «гэта зробім мы», перадае «Голас Амэрыкі».
«Кітай мае вялікі ўплыў на Паўночную Карэю», — сказаў Трамп у інтэрвію Financial Times. — І Кітай альбо дапаможа нам з Паўночнай Карэяй, альбо не. У апошнім выпадку нікому ад гэтага карысьці ня будзе«.
У чацьвер Трамп прыме старшыню КНР Сі Цьзіньпіна ў сваім асабняку Мар-а-Лага ў Флорыдзе.
Паўночная Карэя і ейная ядзерная праграма мае стаць адной з галоўных тэмаў двухдзённага саміту. Пагрозы і санкцыі, у тым ліку нядаўняя адмова Кітаю ад імпарту вугалю з Паўночнай Карэі, не змаглі стрымаць імкненьня Пхеньяна стаць ядзернай дзяржавай.
Амэрыканскія экспэрты папярэджваюць, што Паўночная Карэя плянуе шостае ядзернае выпрабаваньне. У лютым Пхеньян зрабіў запуск балістычных ракет у бок Японскага мора, які Токіё назваў «недапушчальным».
Намесьнік дарадцы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кэтлін Макфарлэнд у гутарцы з журналістам Financial Times дапусьціла, што Паўночная Карэя можа здабыць магчымасьць нанесьці ракетны ядзерны ўдар па тэрыторыі ЗША да канца тэрміну паўнамоцтваў адміністрацыі Трампа ў 2021 годзе.
Выступаючы ў праграме «На гэтым тыдні» на тэлеканале АВС у нядзелю, амбасадар ЗША ў ААН Нікі Гэйлі заявіла, што надышоў час, калі Кітай павінен дзейнічаць і спыніць «адгаворкі, што і яны таксама занепакоеныя».
«Яны павінны паказаць нам, наколькі яны занепакоеныя. Ім трэба аказаць ціск на Паўночную Карэю. Адзіная краіна, якая можа спыніць Паўночную Карэю, — гэта Кітай», — заявіла Гэйлі.
Ваенны варыянт не адкідаецца
Белы дом разглядае ўсе варыянты дзеяньняў у дачыненьні да Паўночнай Карэі, у тым ліку ваенны.
Былы міністар абароны ЗША Эштан Картэр, які таксама зьявіўся ў праграме «На гэтым тыдні», заявіў, што ЗША распрацавалі плян прэвэнтыўнага ўдару па паўночнакарэйскім дасьледчым комплексе ў Янбёне яшчэ ў 1994 годзе, калі прэзыдэнтам быў Біл Клінтан.
Картэр сказаў, што ад ваеннага варыянту ніколі нельга адмаўляцца. На думку экс-кіраўніка Пэнтагону, папераджальны ўдар па пляцоўцы пуску ракетаў можа справакаваць уварваньне Паўночнай Карэі ў Паўднёвую Карэю і прывесьці да несумненнай паразы Поўначы.
Аднак, папярэдзіў ён, наступствам такога кроку будзе вайна, спалучаная з «настолькі інтэнсіўным гвалтам, якога мы ня бачылі з часоў апошняй Карэйскай вайны».
«Сэул знаходзіцца проста ля межаў дэмілітарызаванай зоны», — адзначыў ён.
Картэр сказаў, што Поўнач ведае, што ЗША надаюць асаблівую ўвагу стратэгіі стрымліваньня і сілы на Карэйскім паўвостраве. Акрамя таго, паводле яго, Кітай ведае, што крах Паўночнай Карэі прывядзе да стварэньня каля яго межаў абʼяднанай Карэі, саюзьнікам якой будуць ЗША.